Праблемы з абслугоўваннем расійскіх карт "Мир" узніклі і ва Узбекістане

Карта расійскай плацежнай сістэмы "Мир" / ТАСС

У трымальнікаў расійскіх банкаўскіх карт "Мир" ва Узбекістане ўзніклі складанасці. Ва ўзбекскім адзіным банкаўскім працэсінгавым цэнтры Uzcard заявілі, што прыпыняюць "абслугоўванне карт "Мир" у інфраструктуры ПС Uzcard і працу кабэйджынгавых карт Uzcard-"Мир" за мяжой". Там таксама патлумачылі, што абслугоўванне прыпынілі "ў сувязі з правядзеннем неабходных тэхнічных працэдур". Пры гэтым калі карткі зноў пачнуць працаваць, у банку не гавораць.  

РБК удакладняе, што ў самім Узбекістане карты працуюць, але толькі тыя, якія выпушчаныя ў гэтай краіне. Выпушчаныя замежнымі банкамі — не. Акрамя таго, працэсінгавы цэнтр UZCARD не абслугоўвае ўсе карткі "Мир" за мяжой.

Нагадаем, пасля пачатку вайны супраць Украіны плацежныя сістэмы Visa і Mastercard спынілі сваю дзейнасць у Расіі. А банкі шэрагу краін, якія раней пагадзіліся працаваць з расійскай плацежнай сістэмай "Мир", на фоне магчымых санкцый ЗША пачалі прыпыняць супрацоўніцтва. Так, расійскія карты "Мир" перасталі абслугоўваць турэцкія банкі Is Bankasi і DenizBank. Не падтрымліваюць расійскую плацежную сістэму больш і ў в'етнамскім банку BIDV, і ў казахстанскім "Халык".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.