Пра мігрантаў Меркель і Лукашэнка паразмаўлялі. А калі пагавораць пра беларусаў?

Пра мігрантаў Меркель і Лукашэнка паразмаўлялі. А калі пагавораць пра беларусаў?

“Прызнаць яго прэзідэнтам і зняць усе санкцыі”. Па словах міністра замежных спраў Эстоніі Евы-Марыі Лійметс, менавіта такія ўмовы для спынення міграцыйнага крызісу паставіў Аляксандр Лукашэнка падчас тэлефоннай размовы з экс-канцлерам Германіі Ангелай Меркель.

Але ўсё гэта — палітычныя хады, якія не заўсёды зразумелыя для не ўцягнутага ў дыпламатычныя гульні чалавека. Ці насамрэч спадарыні Меркель варта было выходзіць на сувязь з Лукашэнкам?

— Калі гэта ўратуе жыццё і лёс часткі мігрантаў альбо ўсіх іх, то варта было тэлефанаваць, бо гэта гуманітарная місія, — гаворыць у эфіры Еўрарадыё кіраўнік НАУ, экс-дыпламат Павел Латушка. — Але паўстае пытанне: а хто патэлефануе ў інтарэсах беларусаў? Ці будзе такі тэлефонны званок і ці сапраўды ён паспрыяе таму, што закладнікамі перастануць быць дзевяць мільёнаў беларусаў?

Мы разумеем, з кім яна размаўляла: яна размаўляла з міжнародным злачынцам, тэрарыстам. Ці варта размаўляць з тэрарыстам? Каб уратаваць жыцці — так, але ці размаўляла яна па пытанні беларусаў? На гэта мы да гэтай пары не атрымалі адказу. Мы не можам забараніць нікому размаўляць з Лукашэнкам, гэта рашэнне тых палітыкаў і кіраўнікоў дзяржаў. Але для нас важна, каб не забываліся пра тое, што адбываецца сёння ў Беларусі.

Калі паглядзець вонкава, то там не было пададзена, што Лукашэнка прэзідэнт. Было пададзена, што ён грамадзянін, спадар Лукашэнка.

“Спадар Лукашэнка” кажа, што рэферэндум па зменах у Канстытуцыю Беларусі адбудзецца не пазней лютага 2022 года. Як да такога “запрашэння” ставяцца ў Народным антыкрызісным упраўленні?

— Наша пазіцыя — у тым ліку і мая асабіста — гэта пратэсная яўка, — адказвае Павел Латушка. — Рэферэндум — гэта зона турбулентнасці. Гэта спроба Лукашэнкі імітаваць дэмакратыю, спроба замацаваць сваю ўладу ў Беларусі, пратрымацца яшчэ, колькі магчыма, нават змяніўшы пасаду, але быць проста пры ўладзе і кантраляваць Беларусь. І гэта вельмі добрая нагода, калі мы можам стварыць зону турбулентнасці праз пратэсную яўку, прыходзячы і выкрэсліваючы абодва пытанні, скрэсліваючы ці складваючы бюлетэнь гармошкай. Трэба будзе проста паказаць, што мы супраць гэтага злачыннага дзеяння, якое будзе ажыццяўляць рэжым Лукашэнкі.

Усе скажуць: “Ну ён усё роўна сфальсіфікуе”. Я магу колькі заўгодна казаць у тэлевізар “Я супраць Лукашэнкі”. Тэлевізар мне што-небудзь адкажа? Не. Мы можам усе сядзець у хатах і думаць “ну калісьці гэта зменіцца”. Але гэта наша магчымасць пайсці і паспрабаваць выказаць сваю пазіцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі