Вы тут

Пра фільм Курэйчыка з псіхолагам: "Фільм добры, раз зачапіў"

Акрэсціна ў кастрычніку 2020 года / Еўрарадыё

Тэма серыяла Андрэя Курэйчыка "Акрэсціна" не сыходзіць з парадку дня беларусаў у сацыяльных сетках і працягвае выклікаць бурленне розных меркаванняў. Як гэта спрацавала на беларусах і чаму не варта ацэньваць фільм праз прызму "прыйшоў час для такога фільма ці не прыйшоў"?

Псіхолаг Уладзімір Янчук у эфіры Еўрарадыё расказаў, што раз фільм выклікае нейкі водгук — гэта добры фільм:

— Гэта закранула за жывое. Вось ён — эмацыйна назапашаны рэзервуар неразвязаных унутрыасобасных канфліктаў. Фільм тут выступіў у якасці трыгера. Выплюхнулі! З іншага боку, здымаю капялюш перад рэжысёрам. Бо "клас фільма" — гэта закрананне за жывое. І яму гэта ўдалося. Можна прад'яўляць прэтэнзіі да сюжэта, яшчэ нейкіх рэчаў. Але мастацтва, асабліва кінематаграфічнае мастацтва, гэтым і важнае. Яно альбо апярэджвае рух, альбо падказвае, што можа быць, альбо дапамагае чалавеку выплюхнуць эмоцыі. І вось мы выплюхнулі і пакрычалі. Ну і да гэтых эмацыйных усплёскаў [трэба. — Еўрарадыё] ставіцца спакайней. Выплюхваецца — адчувае праблемы. Знайшоў, дапамаглі, разрадзіўся. Так што клас, фільм добры!

І не варта думаць пра суадносіны фільма з рэальнасцю: "Фільм — гэта нейкая такая метафара, нейкае аўтарскае бачанне, вырашэнне праблем".

— Вельмі важны момант: людзі па-рознаму бачаць адно і тое ж. Людзі могуць інтэрпрэтаваць адно і тое дыяметральна процілеглым чынам. І калі дыферэнцаваць вось такім чынам — нічога талковага з гэтага не адбудзецца. Ёсць такая карцінка — вельмі добра. Прапануйце альтэрнатыву. Стварыце сваю карцінку, выкажыце гэтыя эмоцыі.

— Вы ўсё ж не раіце цяпер Курэйчыку пасыпаць галаву попелам?

— Не, ні ў якім разе не раю. Гэта як у рэкламе. Нават у прасунутых рэкламах неабавязкова паказваць пазітыў. А часам дастаткова проста прыцягнуць увагу. Ён прыцягнуў увагу. Але той жа серыял трэба спыніць своечасова. І вось тут павінна быць пачуццё меры і пачуццё густу ў таго ж Курэйчыка. Таму хай ён падумае, таму што інакш такая паўтаральнасць будзе залішняй, гэта адаб'ецца на ўспрыманні.

Часам ёсць псіхалагічная асаблівасць: лепш спыніцца крыху раней, чым пазней. І ўся вось гэтая наша найноўшая гісторыя кажа: лепш сысці крыху раней, чым крыху пазней.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.