Пра Бруса Лі здымуць дакументальны фільм

Старэйшая сястра і малодшы брат Бруса Лі падпісалі дамову з кітайскай кампаніяй J.A. Media на здымкі серыяла пра жыццё легендарнага акцёра і майстра кунг-фу.  Паводле паведамлення The Hollywod Reporter са спасылкай на прадзюсара будучых фільмаў Манфрэда Вонга, "у фільме, безумоўна, будзе кунг-фу, але для стваральнікаў больш важна паказаць сапраўднага Бруса. А гэта быў чалавек з выдатным пачуццём гумару, ён клапаціўся пра сваіх бацькоў і быў добры да сваёй сям'і".

Вонг дадаў, што плануецца зняць тры карціны, якія распавядаюць пра розныя этапы жыцця і кар'еры знакамітага акцёра. Брат Бруса Лі Роберт адзначыў, што "чытаў мноства кніг і бачыў некалькі фільмаў пра Бруса Лі, але ў іх шмат недакладнасцяў і адкрытай хлусні. Таму і з'явілася жаданне гэта выправіць".

Дадам, што пакуль не вызначана, хто выканае галоўную ролю. І нагадаю, што Брус Лі здымаўся ў такіх вядомых карцінах, як "Вялікі бос", "Кулак лютасці", "Вяртанне цмока" і іншых. Менавіта дзякуючы фільмам з яго ўдзелам усходнія адзінаборствы сталі надзвычайна папулярныя па ўсім свеце.

Лі сканаў 20 ліпеня 1973 году ад ацёку галаўнога мозгу пасля таго, як прыняў таблетку ад галаўнога болю. Існуе легенда, што смерць акцёра была невыпадковая: маўляў, яго забіў іншы вялікі майстар кунг-фу за тое, што ён раскрыў шматлікія таямніцы баявых мастацтваў.

Фота: www.myspace.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі