Вы тут

"Помста за актыўную пазіцыю": падрабязнасці ператрусаў на Дзяржынскага ў Мінску

Як зразумець, хто табе стукае ў дзверы? / Еўрарадыё

Маштабная аперацыя з правядзеннем ператрусаў разгарнулася ў "пратэставым" доме па вуліцы Дзяржынскага, 119 у Мінску. З мінулага тыдня там гаспадараць сілавікі: людзі ў масках з заплечнікамі ходзяць па кватэрах і пад'ездах. Еўрарадыё даведалася падрабязнасці ў жыхара дома, у чыю кватэру завіталі няпрошаныя госці з ордэрам.

— 20 ліпеня прыкладна а сёмай гадзіне раніцы пазванілі ў дзверы, пачалі стукаць. У мяне дзверы ў кватэру не ламалі, стукалі доўга і ўпарта, але сказалі, што калі б не адчыніў, то прыйшлі б з САХРам. Думаю, пужалі, — кажа мужчына. — Нібыта шмат да каго прыйшлі, вакол дома было шмат тыповых бусаў, шмат сілавікоў. Кажуць, што 150 ордэраў выпісалі на ператрусы.

У людзей у масках з сабой вялікія заплечнікі. Не выключана, што там можа знаходзіцца абсталяванне для расчынення дзвярэй тых жыхароў, якія не хочуць адчыняць людзям у балаклавах і цывільным адзенні.

Ранішні візіт людзей у масках у адзін з пад'ездаў па Дзяржынскага, 119 / Еўрарадыё

— Пасведчанне паказвалі, але так, каб не асабліва можна было прачытаць. Былі з пастановай аб ператрусе, яна была падпісаная намеснікам генеральнага пракурора. На ордэры я не бачыў ніякай пячаткі — не ведаю, павінна яна там быць ці не, — сумняваецца жыхар дома. — Артыкула, па якім быў ператрус, ці то 298 КК РБ, "Неналежнае выкананне абавязкаў па ахове зброі", ці то 289, "Акт тэрарызму", я дакладна не разгледзеў. І хоць пазначаны такія артыкулы, але яны пастаянна пыталіся пра сцягі, шукалі нейкія сцягі. Чаму прыйшлі да мяне — паняцця не маю. Раней нідзе не свяціўся, затрыманняў не было.

Жыхары дома карыстаюцца камерамі вонкавага назірання. Па іх словах, праз нейкі час пасля пачатку ператрусаў відэаназіранне адключылі. Яго ўключылі толькі тады, калі ўсё скончылася. Вось відэа з месца падзей — пакуль камеры яшчэ працавалі:

— У якім я статусе — не ведаю. У час іх візіту мне нічога не аб'яўлялі — ці я падазраваны, ці сведка, — працягвае мужчына. — Канфіскавалі камп'ютары, як сказалі, "на экспертызу", ніякіх папер на канфіскаваную тэхніку не пакінулі. Ператрус чамусьці праводзілі супрацоўнікі з Заводскага раёна. Прывезлі мяне ў Маскоўскае РУУС, далі падпісаць папярэджанне аб адказнасці за ўдзел у экстрэмісцкіх групах і пратакол допыту. Дапытвалі на прадмет "ці ўдзельнічалі вы ў мітынгах", "як ставішся да ўлады", "ці ўваходзіш у экстрэмісцкія групы".

— Думаю, гэта помста за нашую актыўную пазіцыю ў першыя паўгода пасля выбараў, — мяркуе мужчына. — У нас вельмі доўга была БЧБ-падсветка ў пад'ездах, на даху быў налеплены вялікі надпіс "Жыве Беларусь!", былі дваровыя маршы.

Такім быў дом на Дзяржынскага, 119: выгляд збоку і зверху / Еўрарадыё

У інстаграм-акаўнце "Товарищество Дзержинского 119" можна знайсці фота- і відэасправаздачы мясцовых актывістаў, якія ўпрыгожваюць дом бел-чырвона-белымі сцягамі і малююць муралы на прылеглай да дома тэрыторыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.