Помнікі даўніны: працягваюць гібець або фальсіфікуюцца

Карэспандэнтка “Еўрарадыё” Крысціна Аляксандрава разам з калегамі-журналістамі праехалася па маршруце Мінск – Нясвіж – Янавічы – Радзівілмонты – Стралкава – Мінск, каб у межах кампаніі “Журналісты за гістарычную спадчыну” паглядзець, што ж адбываецца з помнікамі.
Журналісты адведалі замак Радзівілаў у Нясвіжы, Клецкі касцёл, старасвецкія сядзібы ў Янавічах і Стралкаве, сядзібу Радзівілмонты (савецкая назва - “Чырвоная зорка”). Рэй вёў старшыня ГА “Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” Антон Астаповіч.
“Еўрарадыё” пабачыла, што стан помнікаў і адносіны да іх дзяржавы выклікаюць трывогу. Працягваюцца парушэнні нацыянальнага заканадаўства і міжнародных методык пры правядзенні рэстаўрацыі замка Радзівілаў у Нясвіжы. Пры рэстаўрацыі выкарыстоўваюцца сучасныя матэрыялы і тэхналогіі. Праз валы, якія датуюцца другой паловай XVI ст., зрабілі тэхнічныя праезды - нават без археалагічных даследванняў. Парушаецца і рэстаўрацыя абмуроўкі валоў: выкарыстоўваецца звычайная чырвоная цэгла.

Гаворыць Антон Астаповіч: “Існуе залатое правіла, што калі ёсць магчымасць, увогуле ніякіх новых элементаў нельга дабудоўваць. Старыя элементы кансервуюцца, а калі новыя і дабудоўваюцца, усё роўна трэба выкарыстоўваць тагачасныя тэхналогіі, матэрыял, але ж старацца так, каб новае было візуальна вылучана ад старога. А тут атрымаецца нешта падобнае на забаўляльны комплекс, і гадоў праз дзесяць цяжка будзе разабраца, што тут менавіта аўтэнтычнае, а што з’явілася пад час гэтай псеўда-рэстаўрацыі”.

У Клецку захаваўся колішні касцёл дамініканскага кляштара канца XVII ст. Цяпер ён знаходзіцца ва ўласнасці прыходу Рускай праваслаўнай царквы. Настаяцель прыходу, айцец Матфей Белавус хоча ўсталяваць на будынку “цыбуліны”. А гэта прывядзе да змены помніка і, адпаведна, парушыць шэраг артыкулаў “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь па ахове помнікаў гісторыі культуры”. Трэба адзначыць, што касцёл з’яўляецца каштоўнасцю першай катэгорыі.

Пры наведванні старасвецкіх шляхецкіх сядзібаў можна ўпасці ў шок. Мала што засталося ад сядзібы Радзівілмонты, калісьці прыгожага і дыхтоўнага будынку, летняй сядзібы клецкай радзівілаўскай ардынацыі. Ён увесь час знаходзіўся пад аховай дзяржавы. Але ў 1992 г. нехта падпаліў яго знутры... Пасля пажару заставаліся сцены, захавалася ляпніна ў мураваных частках. Аднак дзяржава не паклапацілася аб рэстаўрацыі і ахове будынку.

Фальварак у Янавічах у свой час належыў Вайцэхоўскім, Піляўскім, у XIX ст. яго набылі Еленскія. Яны заклалі тут сядзібны дом у стылі класіцызму і г.зв. эканамічны парк: адразу ад задняга двара палацу пачынаўся вялікі, на некалькі гектараў, сад. Цяпер сядзібны дом у дрэнным стане, але неяк яшчэ ліпіць, таму што выкарыстоўваецца пад жытло.

У Стралкава маёнтак быў пабудаваны ў 1909 г. сям’ёй Стралкаў – адсюль і яго назва. Яна збудавалі сядзібны дом у стылі неакласіцызму, заклалі невялічкі сад і эканамічны парк. Калісьці тут таксама былі жылыя кватэры.

Усе наведаныя сядзібна-паркавыя комплексы знаходзяцца ў напаўзруйнаваным, занядбаным стане. Некалі ў іх размяшчаліся дзіцячы дом, школа, клуб, бібліятэка... Калі пачалі будаваць новыя установы, сядзібы проста здымаліся з балансу, ніхто іх не даглядаў.

Крысціна Аляксандрава, Мінск – Нясвіж – Янавічы – Радзівілмонты – Стралкава – Мінск
Фота аўтаркі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі