“Пилот” + Фэны = Пяшчота, Шчырасць і Любоў

Флагманы рускага року — піцерскі гурт “Пилот” — сыгралі ў мінскім Jack Club абсалютна пяшчотны канцэрт, дзе не было аніводнага абыякавага гледача. Шчыльная тусоўка ля сцэны, увесь час узнятыя ўгару рукі і праспяваныя напамяць песні гурта сведчылі пра адданую любоў фэнаў да Іллі “Чорта” і “Пилота”, пра яднанне публікі і музыкаў і той самы ўзаемаабмен энергіямі, пра які так любяць распавядаць артысты.

Еўрарадыё высветліла, што творчасць “Пилота”, якога нячаста круцяць па TV і FM, уплывала, уплывае і працягне ўплываць на светапогляд не аднаго пакалення. А асоба Іллі “Чорта” выклікае захапленне і нават з’яўляецца прыкладам для пераймання.


Дзяўчына: “Калі пачула “Пилот”, я адчула, што гэта маё. Менавіта маё. Думала, нечага не хапае, а тут з’явіўся чалавек, які выказаў усе мае думкі. Усё. З тых часоў маё і да канца жыцця, думаю, маё. У асобе Іллі галоўнае — нестандартнасць. Бывае, людзі заганяюць сябе ў нейкія шаблоны. Не, ён ідзе сваім шляхам і ведае, што гэта добра”.




Чым жа прываблівае творчасць “Пилота”, які грае, падаецца, простыя песні, з простымі тэкстамі, простымі мелодыямі і на простых інструментах?


Дзяўчына 2: “Творчасць вабіць шчырасцю, сам “Чорт” сімпатычны, так (смяецца). Тэксты добрыя, самае галоўнае, жыццёвыя”. Мне падаецца, што галоўная вартасць кожнага гурта — гэта граматныя тэксты і добрая музыка. Калі можна не проста паслухаць ні пра што, а паслухаць і падумаць”.



На думку фэнаў “Пилота”, музыка гурта ўплывае і на духоўнае развіццё асобы.


Дзяўчына 3: “Таксама падабаюцца тэксты, і музыка прыемная. Гэтыя тэксты я слухаю з дзяцінства, і яны мяне да нечага прывялі. Вельмі радая таму, што маю на дадзены момант у сваім развіцці. Музыка “Пилота” уплывае на духоўнае развіццё, вядома. Я разумею практычна кожны радок. Вельмі падабаецца!”



Канцэрт, у часе якога “Пилот” сыграў 23 свае найбольш знакамітыя песні, сабраў як фэнаў, якія слухаюць яго з дзяцінства, так і новых прыхільнікаў, якія толькі-толькі даведаліся пра існаванне рок-пецярбуржцаў.


Сяброўка трэцяй дзяўчыны: “Я зусім нядаўна даведалася пра гурт “Пилот”, і пра асобу вакаліста — чалавек вельмі моцны духоўна, што спрыяльна ўплывае на навакольны свет. Музыку, на жаль, я не вельмі добра пакуль ведаю. Я чула толькі першыя альбомы. Мне вельмі прыемна было прыйсці на канцэрт. Вельмі-вельмі класна!”


Такім чынам, гурт “Пилот” разам з мінскімі прыхільнікамі адзначыў свае 13 гадоў. 13 гадоў — вызначальны тэрмін: гурт, калі б ён быў непатрэбны, проста не дажыў бы да 13-ці. І канцэрт у Мінску — доказ гэтаму: столькі пяшчоты, любові і шчырасці ва ўзаемаадносінах артыста і фэна Еўрарадыё даўно не назірала. Сто гадоў “Пилоту”!


Дарэчы, інтэрв’ю з Іллём “Чортам”, які напярэдадні канцэрта завітаў у студыю Еўрарадыё, чытайце на нашай музычнай старонцы.

Фота: Цімафей Скібенка


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі