Вы тут

Пешаходныя дарожкі на віцебскім мосце за $100 млн вядуць у нікуды

Полацкі пуцеправод у Віцебску / facebook.com

У Віцебску заканчваецца будаўніцтва новага пуцеправода, у якое было ўкладзена 100 мільёнаў долараў. Аўтамабільны рух па мосце яшчэ не адкрыты, але пешаходы яго ўжо выкарыстоўваюць. Яны са здзіўленнем заўважылі, што на пешаходныя дарожкі з аднаго боку моста не хапіла месца!

— Ад вакзала да Полацкага рынку пешаходам можна прайсці толькі па адным баку моста. На супрацьлеглым тратуары канчаюцца тупікамі, даводзіцца вяртацца назад і пераходзіць на іншы бок, — расказвае Еўрарадыё віцебская дызайнерка Анастасія Новікава. — Рух аўтамабіляў па мосце яшчэ не пачаўся, таму што будзе афіцыйнае адкрыццё. Але людзі ўжо сталі хадзіць і ўбачылі праблему з пешаходнымі дарожкамі.

 

Так выглядае пешаходная дарожка / facebook.com
Так выглядае пешаходная дарожка / facebook.com

Як жа так атрымалася? Еўрарадыё звярнулася па каментар у мостабудаўнічае ўпраўленне №5 Віцебскага філіяла ААТ "Мастабуд".

— Ці будуць абсталяваны пешаходныя дарожкі на гэтым пуцеправодзе?

— Дык яны там ёсць, — адказвае дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Аўсяннікаў.

— Але ёсць фота — тратуары канчаюцца тупіком…

— Гэта ўсё таму, што на сённяшні дзень там яшчэ вядуцца будаўнічыя работы, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Праца ідзе. Можа, да канца ліпеня будзе гатова.

У інтэрв'ю БЕЛТА 30 чэрвеня кіраўніцтва арганізацыі расказвала, што добраўпарадкаванне пуцеправода ўжо завяршаецца і "ў сярэдзіне ліпеня маюць намер пусціць рух транспарту і пешаходаў".

Полацкі мост злучае вуліцу Касманаўтаў з вуліцамі Цітова і Ленінградскай, праз якія з Віцебска можна выехаць у напрамку Санкт-Пецярбурга, Полацка і Гарадка. Мост больш за 10 гадоў знаходзіўся ў аварыйным стане. Для транспарту і пешаходаў яго закрылі 15 лістапада 2018 года.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.