Вы тут

Першы энергаблок Беларускай АЭС абяцаюць уключыць у сетку ў сярэдзіне жніўня

Астравецкая АЭС за плотам / З архіву Еўрарадыё

Першы энергаблок Беларускай АЭС абяцаюць уключыць у сетку ў сярэдзіне жніўня. Пра гэта 23 ліпеня паведаміла прэс-служба Мінэнергетыкі. 12 ліпеня ён быў "адключаны ад сеткі аўтаматычнай абаронай генератара". У Мінэнерга не маглі растлумачыць, што ж адбылося.

Цяпер жа паведамляецца, што на першым энергаблоку з удзелам расійскіх спецыялістаў "праводзіцца рэвізія і дыягностыка абсталявання турбагенератара". Калі гэта будзе зроблена і ліквідуюць прычыны "спрацоўвання аўтаматычнай абароны генератара", пачнуцца падрыхтоўчыя аперацыі па ўводзе блока ў працу. Папярэднюю дату (сярэдзіна жніўня) назвалі "з улікам неабходнасці прагрэву абсталявання і наступнага набору магутнасці рэактарнай ўстаноўкі".

З моманту запуску першага энергаблока БелАЭС у лістападзе 2020-га яго адключалі ўжо неаднаразова. Афіцыйна аб'яўлялі, што гэта планавае дзеянне. Але апошняе адключэнне было ўжо незапланаваным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.