Вы тут

Першы энергаблок БелАЭС зноў хочуць спыніць

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі плануюць спыніць "для планава-папераджальнага рамонту", паведаміў міністр энергетыкі Уладзімір Каранкевіч.

"Гэта тэхналагічныя працы, якія штогод праводзяцца на атамных станцыях для забеспячэння стабільнага працоўнага стану абсталявання", — прыводзіць яго словы телеграм-канал "Белэнерга".

Са слоў міністра, будзе выкананы пашыраны кантроль тэхналагічных сістэм, кантроль металу абсталявання ў рэактарным і турбінным аддзяленнях, а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў.

Акрамя таго, плануецца правесці першую перагрузку ядзернага паліва.  Паліва ўжо знаходзіцца на пляцоўцы БелАЭС.

Каранкевіч таксама расказаў, што першы планавы рамонт працягнецца каля 80 дзён. Удзельнічаць у работах будуць і беларускія, і расійскія арганізацыі.

Другі энергаблок, паводле слоў міністра, гатовы на 96%.  У снежні 2021 года ў актыўную зону рэактара загрузілі ядзернае паліва. Завершаная зборка рэактарнай ўстаноўкі. Завяршаюцца падрыхтоўчыя працы да запуску кіраванай ланцуговай рэакцыі. Мяркуецца, што ў найбліжэйшы час рэактарная ўстаноўка блока будзе выведзеная на мінімальна кантраляваны ўзровень магутнасці —1 % ад намінальнай. Увесці ў прамысловую эксплуатацыю другі энергаблок плануецца ў 2022 годзе.

Нагадаем, першы энергаблок быў урачыста запушчаны ў лістападзе 2020 года. За гэтыя няпоўныя паўтара года энергаблок неаднаразова спынялі і запускалі зноў. Як мінімум у адным выпадку гаворка ішла пра паломку дэталяў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.