Перад Еўрагульнямі з будынка вайсковай контрвыведкі ў Мінску зніклі шыльды
З будынка вайсковай контрвыведкі на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мінску зніклі шыльды (на беларускай і рускай мовах). Цяпер каля ўвахода ў будынак няма пазнакі, якая ўстанова там знаходзіцца.
Інтэрнэт-карыстальнікі выказвалі версію, што зроблена гэта “ў мэтах сакрэтнасці”, бо на час правядзення II Еўрапейскіх гульняў чакаўся прыезд у беларускую сталіцу шматлікіх замежных турыстаў. Ці сапраўды гэта так?
Афіцыйны прадстаўнік Камітэта дзяржбяспекі Беларусі Андрэй Яраш распавёў Еўрарадыё, што ні з якой сакрэтнасцю знікненне шыльды не звязанае: “Яна [шыльда] дэмантаваная ў сувязі з аднаўленнем яе знешняга выгляду. Там быў шэраг дэфектаў, якія трэба было выправіць”.
Калі шыльда вайсковай контрвыведкі зноў з’явіцца на будынку? У КДБ спадзяюцца, што “ў самы бліжэйшы час”.