Пенсіянер вырабіў бомбу і ўзарваў яе на падваконні дома суседкі

Пенсіянер вырабіў бомбу і ўзарваў яе на падваконні дома суседкі

У вёсцы Насовічы ў Добрушскім раёне пенсіянер вырабіў самаробнае выбуховае прыстасаванне і ўзарваў яго на падваконні дома суседкі. Як паведаміла БЕЛТА афіцыйная прадстаўніца УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, ён пайшоў на такі крок з рэўнасці (мужчына сам у гэтым прызнаўся). 29-гадовай жанчыны дома не было, там знаходзіўся яе госць, 35-гадовы мясцовы жыхар. Ён атрымаў цялесныя пашкоджанні (раненні грудной клеткі). Міліцыю выклікала гаспадыня, якая вярнулася дахаты.

60-гадовага вяскоўца затрымалі, у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. Мужчыну абвінавачваюць не толькі ў "замаху на забойства, здзейсненым грамадска небяспечным спосабам", але і ў незаконным захоўванні боепрыпасаў. Падчас ператрусу ў яго доме знайшлі патроны да агнястрэльнай зброі, прыдатныя да стральбы, баначку з дробам і нейкія сыпучыя рэчывы. Прызначаныя экспертызы.

Сайт gomel.today дадае, што самаробнае выбуховае рэчыва было выраблена з тратылавай шашкі, паражаючымі элементамі стаў дроб. Выбух выбіў акно. Дарэчы, пацярпелы самастойна выйшаў з дома — ён спадзяваўся знайсці там зламысніка, які прынёс бомбу. Але нікога каля дома не было. Калі прыехалі міліцыянеры, ён быў у стане алкагольнага ап'янення, ад шпіталізацыі адмовіўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі