Пазыка Беларусі перад "Газпрамам" вырасла да $340 млн

Пазыка Беларусі перад "Газпрамам" вырасла да $340 млн

У пачатку кастрычніка ўрады Беларусі і Расіі сышліся на тым, што нашая краіна мусіць выплаціць "Газпраму" пазыку за газ — $281 млн. Гэтая сума ўтварылася праз тое, што са студзеня па ліпень Беларусь разлічвалася з расійскім канцэрнам не па цане, прапісанай у кантракце ($132 за тысячу кубаметраў), а па цэнах, якія лічыла справядлівымі (каля $80 за тысячу "кубоў").

Пры гэтым было дамоўлена, што надалей Беларусь будзе плаціць за газ па кантрактным кошце. Сёння гэта пацвердзіў міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак. "Магу дакладна сказаць, і гэта ўжо казалі нашыя беларускія калегі, што мы будзем працягваць супрацоўнічаць па пастаўках газу ў параметрах, раней узгодненых формулай вызначэння кошту", — у адказ на запыт Еўрарадыё прыводзіць словы Новака прэс-служба ведамства.

Беларускі ўрад мусіў пагасіць пазыку да 20 кастрычніка. Але мала таго, што не зрабіў гэтага, дык яшчэ і працягвае плаціць за газ па заніжаных цэнах, якія лічыць справядлівымі! Гэта вынікае з мемарандума еўрааблігацый "Газпрама". "У перыяд са студзеня па верасень 2016 года запазычанасць беларускіх спажыўцоў за пастаўкі газу склала $340 млн", цытуе дакумент агенцтва "Интерфакс".

Такім чынам, за два месяцы — жнівень і верасень — пазыка беларусаў за газ вырасла на $60 млн. Гэта прыкладна адпавядае ранейшай дынаміцы пазыкі. У траўні Новак казаў пра $125 млн пазыкі, а пры канцы верасня — пра $281 млн. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі