“Пазіцыя бізнесу важнейшая за палітыкаў”: як санкцыі паўплываюць на эканоміку?

“Пазіцыя бізнесу важнейшая за палітыкаў”: як санкцыі паўплываюць на эканоміку?

Еўрасаюз і ЗША ўхваляюць усё новыя санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму. Ужо ёсць чарговы, 4-ы пакет персанальных санкцый, літаральна сёння прынялі санкцыі сектаральныя.

Але ці гэта самы эфектыўны спосаб вырашыць агульную праблему? Хто і якім чынам можа ўсур’ёз прымусіць Аляксандра Лукашэнку да змен? Якім будзе курс долара і ўзровень інфляцыі? Слухаем меркаванне эканаміста Яраслава Раманчука.

Як скарачэнне ВУП пад уплывам санкцый ударыць па простых беларусах?

— Інфляцыя сведчыць пра адсутнасць канкурэнцыі, паставак тавару, прадказальнай будучыні — таму цэны растуць. Калі нават іх будуць рэгуляваць — дэфіцыт усё адно з’явіцца. Ужо няма таго асартыменту, які быў.

У першым квартале дэфіцыт бюджэту склаў 4,5% — такога не было ў апошнія 15 гадоў. Думаю, Нацбанк ужо не здолее праводзіць палітыку, якую ён дэманстраваў першыя 5 месяцаў. Мы бачым зніжэнне шырокай грашовай масы на 2%, а таксама зніжэнне іншых паказчыкаў, якія крытычна паўплываюць на нашу эканоміку.

Трэба будзе дафінансаваць бюджэт і інвестыцыйныя праграмы, якія трэба выконваць. Сёння мы яшчэ маем рост экспарту на 35%, але знешняя дэбіторская запазычанасць — $6,5 млрд. Гэтыя грошы не прыйдуць: навошта прыходзіць, калі вы цяпер забралі гэту валюту?

Будзе большы ціск на рубель, ён будзе таннець. Калі ўрад будзе паводзіць сябе як у бункеры, інфляцыя ў канцы года складзе 15-20%. Дэвальвацыя рубля — наступства, бо людзі будуць забіраць грошы з банкаў праз недавер. Не паўплываюць на гэта нават павышаныя працэнтныя стаўкі. Валюту будуць выдаваць пад роспіс. Сёння долар каштуе 2,53 рубля, а будзе 3-3,5. Шмат якія чыннікі ўплываюць.

Але калі санкцыі будуць такімі абвальнымі, то іншай крыніцы няма. На еўрапейскіх рынках фінансаў нам не дадуць. Расіяне кажуць: пабоўтайцеся там, а ў верасні — кастрычніку мы з вамі паразмаўляем наконт таго, якія карты вы падпішаце, якія актывы нам зробіце: ваенныя базы, крытычная інфраструктура, нафтаперапрацоўка і іншыя рэчы, цікавыя для расіян.

Сёння ідзе абнуленне вартасці актываў. Белстат кажа: вартасць беларускай эканомікі паводле балансаў складае $120 млрд. Але рэальна за $10 млрд можна купіць усю Беларусь. Бо мы ніколі не атрымаем зваротныя інвестыцыі ад продажу нафтаперапрацоўкі, дрэваапрацоўкі. Сёння мы не будзем прадаваць рэчы, якія арыентаваліся на знешнія рынкі.

У нас унутры няма такой эканамічнай актыўнасці. Сістэма душыць бізнес: кантрольныя праверкі, КДБ правярае, Дзяржкантроль правярае. Што вы робіце? У 1937 годзе Сталін забіў эліту савецкага войска, абяскровіўшы армію. Таму Гітлер зайшоў так далёка ў 1941 годзе.

Апошнія два гады беларускі ўрад забівае наш бізнес: вытворцаў і прадпрымальнікаў, якія маглі б яшчэ неяк выкруціцца і зрабіць. Іх правяраюць і шукаюць нейкія дробязі, ладзяць рэйдарскія захопы бізнесу. А гэтыя людзі маглі б стабілізаваць нашу эканоміку.

Ці можа роля сілавікоў узрасці ажно да заняцця імі палітычнай вяршыні?

— Сёння беларускія сілавікі — інстытут, які дзейнічае без кантролю, без адказнасці, без канкурэнцыі. Яны могуць захапіць не толькі ўплыў на эканоміку краіны, але і камандныя вышыні ў палітыцы. Савет бяспекі — элемент ваеннай хунты, якая можа быць у Беларусі як наступства ўвядзення санкцый.

Расія — прыклад таго, да чаго давялі санкцыі: да схематозу, бо зашмат сілавікоў у органах кіравання. Сілавікі не дбаюць ні пра рэпутацыю, ні пра бізнес. Гэтыя людзі будуюць схемы. Расія — частка сусветнай арганізаванай злачыннасці.

“Пазіцыя бізнесу важнейшая за палітыкаў”: як санкцыі паўплываюць на эканоміку?

Як Кітай можа паўплываць на Лукашэнку праз пагрозу страты кантрактаў у Еўропе?

— Кітай стратэгічна глядзіць на сваю прысутнасць у Еўропе праз Шаўковы шлях. Гэта стратэгія не толькі ў тым, каб быць добрым дзядзькам для Беларусі і даваць грошы на інвестыцыйныя праекты. Кітай арыентуецца на рынак Еўропы: гэта $20 трлн, амаль як ВУП ЗША.

Гэта рэпутацыя. Калі глядзець на беларускія праекты, зробленыя на кітайскія інвестыцыі, там няма нічога добрага: цэлюлозны камбінат у Светлагорску, Добруш, цэментныя заводы. Кампаніі шмат зараблялі, але гэта ярмо на шыі беларускіх падаткаплацельшчыкаў.

Сёння шлях не можа заканчвацца тупіком у Беларусі — гэта пагроза для рэпутацыі Кітая. Але з Лукашэнкам 20 гадоў рабілі бізнес кітайцы, расіяне, літоўцы, аўстрыйцы. Прыязджайце сюды, сядайце за стол перамоваў і выкладвайце аргументы, якія толькі вы маеце.

Кітай уклаў у Шоўкавы шлях дзесяткі мільярдаў долараў, каб стратэгічна выйсці на рынак Еўропы. І тут Беларусь стала праблемай — гэтае пытанне трэба вырашаць з намі і з Расіяй. Трэба, каб Лукашэнка і кола ягоных людзей ведалі наступствы таго, калі ён да 1 верасня не вырашыць гэтае пытанне.

Гэта пра бізнес, а не пра правы чалавека. Кітай і Расія, як і Лукашэнка, разумеюць мову грошай, схемаў, зберажэнняў, актываў. Лукашэнка замінае не грошы зарабляць, а рабіць стратэгію развіцця. Яму трэба сказаць: сёння ты і твая сям’я маеш столькі. Але калі ты не вырашыш пытання, наступствы будуць такія.

Лукашэнка павінен зразумець, што гэта сур’ёзна. Калі яму не дойдуць аргументы грошай, то будуць аргументы сілы. Альбо інфармацыйна-аналітычнае атачэнне Лукашэнкі фармуе ягоны пункт гледжання, альбо гэта тое, што ён мяркуе прадаць свету, каб ад яго адчапіліся.

Гаварыць з еўрапейцамі, якія вядуць бізнес у Беларусі. І санкцыі не спатрэбяцца?

— Тыя ж аўстрыйцы вядуць тут бізнес. Хай прыедуць людзі з “Райфайзэна”, “Кранаспана”. Не арыштуе Лукашэнка міністра замежных спраў Аўстрыі. Паненка, да якой Пуцін прыязджаў на вяселле ў Аўстрыю. Тут з яе галавы волас не спадзе.

Або прэм’ер-міністр Швейцарыі прыедзе ў Беларусь і сустрэнецца са “Штадлерам”. Скажа: “Добрае прадпрыемства, але мы не можам працаваць тут, пакуль наша грамадзянка сядзіць у карцары”. Такія аргументы будуць больш уплывовыя за санкцыі.

Для нас будуць больш уплывовыя санкцыі ці меры супраць людзей, якія працуюць з Беларуссю. Чаму няма прозвішчаў людзей, якія 20 гадоў працуюць з беларускім рэжымам? У Латвіі, Літве — хто займаецца кантрабандай? Калі іх ведаюць спецслужбы ЕС і ЗША.

Чырвоныя лініі пяройдзены, мы падаем на дно. Заходні свет павінен супрацоўнічаць з людзьмі, якія ведаюць гэтыя схемы, у нефармальнай абстаноўцы сказаць: “Нам трэба вырашаць пытанне”.

Санкцыі не спатрэбяцца, калі будзе маральная аснова. Калі скажуць “Для нас гэта непрымальна” тыя, хто працуе з рэжымам: расіяне, кітайцы, арабы, палякі, літоўцы, аўстрыйцы, брытанцы. Нават той жа ХАМАС дбае пра сваю рэпутацыю. А для беларускіх дэпутатаў паняцце рэпутацыі нібыта наогул не існуе.

“Пазіцыя бізнесу важнейшая за палітыкаў”: як санкцыі паўплываюць на эканоміку?

Прагноз: які будзе курс долара і ўзровень інфляцыі?

— Калі беларускі ўрад будзе дзейнічаць у рэжыме ваеннага камунізму, будзе бараніць курс у ручным рэжыме — курс не будзе адпавядаць таму, што будзе на рынку. Будзе чорны курс: на чорным рынку 3-3,5 рублі за долар будуць адлюстроўваць рэальную сітуацыю.

Калі ж гэтага не будзе, то ўсё роўна будуць праблемы. Я не бачу ніводнага інструмента, які б гарантаваў да канца года стабільнасць курса 2,7-2,8 рубля за долар. Курс будзе значна большы. Але шмат залежыць ад таго, як будуць актары дзейнічаць. Мы сочым за сітуацыяй. Яна напружаная: рэкордныя даўгі ў розніцы, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, таксічныя даўгі таксама растуць. Гэта не рассмокчацца само па сабе.

Інфляцыя будзе 15-20%, але калі ўлады пойдуць на ручное кіраванне курсам, гэта паскорыць падзенне мадэлі эканомікі. Але на валютных аперацыях зарабляюць валютчыкі, якіх крышуюць сілавікі.

Поўны запіс эфіру з Яраславам Раманчуком глядзіце ніжэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі