Павел Усаў: “Калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, Беларусь чакае сумны лёс”

Павел Усаў: “Калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, Беларусь чакае сумны лёс”

“Рэпрэсіі будуць працягвацца. Яны будуць датычыць актывістаў, не звязаных з нейкай арганізацыйнай дзейнасцю, нават сеціўных актывістаў”, — лічыць кіраўнік варшаўскага Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу, доктар палітычных навук, аналітык Павел Усаў

У інтэрв’ю Еўрарадыё суразмоўца расказвае, ці можна гаварыць пра тое, што ў Беларусі адбываецца “завяршальная стадыя знішчэння грамадзянскай супольнасці”. Таксама спецыяліст разважае, што будзе пасля таго, як гэтая стадыя завершыцца, і ці мае дачыненне да гэтых “зачыстак” Масква? 

Павел Усаў: “Калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, Беларусь чакае сумны лёс”
Палітолаг Павел Усаў / Еўрарадыё

Рэпрэсіі працягнуцца і будуць датычыць каля 100 000 актывістаў-пасіянарыяў 

— Напэўна, гэта будзе апошні такі этап. У Беларусі каля 500 000 найбольш актыўных людзей, якія ва ўсе часы падтрымлівалі апазіцыю і з’яўляліся інтэгральнай часткай розных палітычных працэсаў. Падчас выбараў з’явіліся і новыя актывісты. Для ўлады вельмі важна знішчыць гэту сацыяльную базу пратэстаў. Але ці атрымаецца? 

Мяркую, што гэта можа быць ад 50 да 100 тысяч чалавек, якіх трэба нейкім чынам выціснуць з Беларусі. Тых, каго можна аднесці да так званай пасіянарнай праслойкі беларускага грамадства, — актывістаў, не звязаных раней з нейкай арганізацыйнай дзейнасцю. Пасля гэтага агульная маса людзей будзе ціха сядзець і ніякім чынам, нават на ўзроўні мыслення, не стане дзейнічаць супраць рэжыму.

 

Усе спробы ўтрымання незалежнасці і суверэнітэту лічацца антымаскоўскімі праектамі

— Думаю, што Пуцін добра ведае савецкую і расійскую гісторыю, бо яго артыкул “Пра гістарычнае адзінства рускіх і ўкраінцаў” хрэстаматыйна пабудаваны на кальках з савецкіх падручнікаў і, напэўна, расійскай гістарыяграфіі. Там гутарка вялася менавіта пра трыадзінства народаў. 

Безумоўна, мы бачым гістарычную рэвізію ў расійскай навуцы і палітыцы, аднаўленне шавіністычнага вялікаімперскага светапогляду. У гэтым кантэксце незалежнасць Беларусі і Украіны разглядаецца ў межах выключна адзінага расійскага народа ці адзінага саюза з Расіяй. 

Такім чынам, усе спробы ўтрымання незалежнасці і суверэнітэту лічацца антымаскоўскімі праектамі і павінны знішчацца (тое, што фактычна адбылося ва Украіне).  

Павел Усаў: “Калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, Беларусь чакае сумны лёс”
Уладзімір Пуцін / president.gov.by

На жаль, калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, Беларусь чакае сумны лёс. У тых умовах, у якіх сёння знаходзіцца беларускі рэжым, без актыўнай падтрымкі з боку Расіі ён не зможа праіснаваць. За гэтую падтрымку трэба расплачвацца. 

Саюзная дзяржава — гэта адзін з тых інструментаў дэканструкцыі беларускай незалежнасці, які Расія будзе актыўна выкарыстоўваць у сваёй далейшай палітыцы ў дачыненні і да Беларусі, і да іншых постсавецкіх краін.  

Падпісанне дарожных мапаў і рэалізацыя іх геапалітычных ідэяў на сёння з’яўляецца ключавым патрабаваннем, але думаю, што ўжо эканамічны аспект інтэграцыі Расію мала цікавіць. Зыходзячы нават з артыкула Пуціна і той сітуацыі, у якой апынулася Беларусь, для Расіі сёння важнейшым з’яўляецца рэалізацыя палітычнага вымярэння, то-бок стварэнне органаў наднацыянальнага палітычнага кіравання. 

Фактычна — перахоп знешняй палітыкай Расіі ўнутранай палітыкі Беларусі. Другі момант — ваенна-стратэгічны складнік інтэграцыі. Думаю, што пытанне вайсковай базы, з’яўленне новых вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі таксама ў прыярытэтах Расіі. 

 

Трэба выпрацоўваць глабальную антысаюзную стратэгію

— Трэба вельмі актыўна выпрацоўваць стратэгію, якая будзе датычыць будучыні Беларусі. Санкцый недастаткова. Тут трэба прадумаць спосабы ўздзеяння на Расійскую Федэрацыю, калі яна давершыць працэс інтэграцыі. 

Асновы стратэгіі ўжо былі закладзены актам пра дэмакратыю, які быў прыняты Кангрэсам ЗША, дзе ясна сказана, што любыя памкненні Расіі інтэграваць Беларусь будуць разглядацца як акт агрэсіі і прывядуць да санкцый супраць Расіі. 

Менавіта зараз трэба выпрацоўваць глабальную антысаюзную стратэгію. Па-першае, саюз Беларусі і Расіі ўжо павінен быць прызнаны міжнароднымі ўстановамі юрыдычна недзеяздольным, бо нават Саюзная дзяржава, як арганізацыя, зарэгістраваная ў ААН. 

То-бок ужо зараз павінна адбывацца ідэалагічнае і палітычнае наступленне на адзіную прастору Саюзнай дзяржавы, бо потым, калі ўсе дакументы будуць падпісаныя, супрацьстаяць будзе цяжка. 

Сістэма будзе гатовая да магчымага прэсінгу, і калі гэта будзе ўжо фактам, то асабліва ЕС будзе цяжка разгарнуць нейкую актыўную палітыку супраць Саюзнай дзяржавы і супраць Расіі. 

Наколькі я ведаю, бачання, што рабіць, калі саюзная інтэграцыя ўсё ж завершыцца, сёння ў еўрапейскіх палітыкаў няма. Агульная палітыка Еўропы — хутчэй рэактыўная, чым актыўная, і гэта праблема. 

 

Беларускае грамадства на сёння не здольнае да актыўных радыкальных дзеянняў

— Адзінае, што магло б спыніць Расію ад такога актыўнага геапалітычнага наступлення на Беларусь, — гэта радыкалізацыя часткі беларускага грамадства, нацыянальных патрыётаў; сабатаж нейкіх расійскіх аб’ектаў. 

Нездарма Лукашэнка доўгі час застрашваў Расію тым, што Беларусь можа стаць другой Чачнёй, калі пачнецца актыўнае праглынанне Беларусі Расіяй. Зараз ён сам робіць усё, каб гэтае праглынанне адбылося бясшкодна для Расіі. 

Напэўна, беларускае грамадства на сёння не здольнае да нейкіх актыўных радыкальных дзеянняў супраць расійскай агрэсіі. Пакуль яна невідавочная, але, на жаль, калі дакументы па інтэграцыі будуць падпісаныя, можа стацца так, што ў Беларусі не застанецца тых, хто зможа нават паспрабаваць супрацьстаяць актыўнасці расійскіх групаў у Беларусі, а іх даволі шмат і зараз. 

Руская моладзь, спробы зарэгістраваць прарасійскі “Саюз”, розныя актыўныя прамаскоўскія рускамірскія групы — яны дзейнічаюць бесперашкодна і не сустракаюць нейкага супраціву з боку беларускіх грамадзян. 

На мой погляд, гэта праблема. Важна зразумець, што зараз Пуцін выкарыстоўвае Лукашэнку як інструмент, які рыхтуе сацыяльную і палітычную глебу ўнутры краіны для таго, каб праграма па інтэграцыі завяршылася паспяхова. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі