Павел Баркоўскі: у сітуацыі ваеннага змагання заўжды цяжка

Павел Баркоўскі: у сітуацыі ваеннага змагання заўжды цяжка

Кандыдат філасофскіх навук, былы дацэнт кафедры філасофіі культуры БДУ Павел Баркоўскі лічыць, што супрацьстаянне беларусаў з дзяржавай і рэпрэсіі адной часткі грамадства ў дачыненні да другой — гэта падобна да вайны. Пра гэта ён расказваў у эфіры Еўрарадыё 13 ліпеня.

— Тое, што зараз робіць улада, гэта сапраўды вельмі моцны напад на грамадзянскую супольнасць, на журналісцкую супольнасць, на ўсё тое, што звычайна намі пазнаецца як прыкметы звычайнага штодзённага жыцця. І ва ўсёй гэтай атмасферы тэрору сапраўды закрадаецца думка, што ўсё прайграна і нішто не можа нас уратаваць. Але насамрэч падчас такога абстрэлу гэтая думка, хутчэй, — часовая паніка. 

Баркоўскі лічыць, што такі рэжым тэрору вельмі затратны, што для грамадства, што для дзяржавы таксама. І дзяржава не можа рабіць гэта вечна.

— Чалавеку ў такім асяроддзі трэба стаяць на сваім месцы, не быць разгубленым, трымацца свайго сумлення і рабіць тое, што ён лічыць патрэбным і годным у гэтых абставінах. І чакаць таго, калі сітуацыя зменіцца, калі можна будзе рабіць нейкія іншыя крокі. Вось мая пазіцыя. Бо, канешне, можна казаць, што ўсе прапала, быць дэмаралізаваным, але мне не дае спакою тое, што сітуацыя настолькі змянілася ў параўнанні з пачаткам 2020 года, што сёння ніякае вяртанне на папярэднія пазіцыі проста не магчымае. 

Як кажа дацэнт, у гісторыі ёсць прыклады, калі словы “дзеля перамогі ўсё дазволена і вайна ўсё спіша” потым адгукаліся для тых, хто так рабіў.

— Нават пасля Другой сусветнай вайны чалавецтва прыйшло да высновы, што нельга весці вайну якімі заўгодна сродкамі. Пра гэта сведчылі прысуды Нюрнбергскага трыбунала, у найноўшай гісторыі мы гэта бачылі, напрыклад, як міжнародныя расследаванні Югаслаўскай вайны. Калі злачынцы з усіх бакоў былі збольшага прыцягнуты да адказнасці за выпадкі генацыду супраць грамадзянскага насельніцтва. Ці іншыя злачынствы. Таму нельга казаць, што сёння мы не разумеем, што ёсць “вайна вайной” і ёсць ваенныя злачынствы.

У такім выпадку, кажа Павел, трэба фіксаваць усё тое, што адбываецца як менавіта злачынства с супрацьлеглага боку, са свайго боку мы якраз не павінны спісваць, што “вайна ўсё пакрые” і што любыя нашы дзеянні патрэбны для перамогі. 

— Вось якраз не любыя, калі мы змагаемся за штосьці годнае, добрае, праўдзівае, то і сродкі нашы павінны быць адпаведны мэтам. Толькі ў такім выпадку змаганне можа прынесці нам карысць.

— Ці можна перамагчы ў вайне з чыстымі рукамі, не забываючыся пра прынцыпы і ідэалы?

— Сёння ўладзе патрэбна публікаваць фэйкі пра напады на сваіх прапагандыстаў ці праўладных дэпутатаў, каб паказаць: нашы супраціўнікі нічым не лепшыя за нас, нават горшыя. Мы на баку дабра, яны такія злыя і чорныя супрацьстаяць нам. Трэба сказаць, што ў такім змаганні, калі пераходзяць мяжу з абодвух бакоў, сапраўды тады няма ні правых, ні вінаватых, не будзе ў нас тады падтрымкі ні міжнароднай супольнасці, калі мы пяройдзем усе рысы ўнутры сябе. 

Я хачу сказаць, што ў гэтай сітуацыі ваеннага змагання заўжды цяжка. Я ўяўляю, як было цяжка нашым продкам, калі там вайна ішла чатыры гады запар. Колькі ж у іх было нараканняў “відаць, не так ваююць, не тыя ваююць, не тым ваююць” і гэтак далей. У нас прайшоў яшчэ няпоўны год з тых часоў, як закруціліся ўсе гэтыя падзеі. У ваенную фазу яно ўвайшло яшчэ менш, мо паўгода як. І казаць, што за гэты час павінны былі адбыцца нейкія радыкальныя змены — ну гэта хіба наіўнасць ці той цынізм. Бо войны за адзін дзень не выйграюцца.

Гэта рэвалюцыя можа перамагчы за дзень, а вайна можа доўжыцца гадамі, і тут проста трэба захоўваць пэўны маральны дух, пэўны светапогляд, які ўласцівы чалавеку, што знаходзіцца ў часе вайны. Не страчваць сябе, помніць пра свае ідэалы і быць мабілізаваным, падрыхтаваным да таго, каб у абставінах, якія змяніліся, рабіць нешта вартае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі