Вы тут

Пасольства ЗША ў Мінску прыпыняе выдачу віз

Пасольства ЗША ў Беларусі / naviny.online​

Пасольства ЗША ў Мінску прыпыняе запіс на падачу дакументаў для атрымання неіміграцыйных віз, гаворыцца ў паведамленні амерыканскага дыппрадстаўніцтва.

У экстраных выпадках дакументы прымуць. Таксама дакументы возьмуць у тых, хто ўжо запісаны на прыём для атрымання візы. Акрамя таго, пасольства будзе і далей аказваць дапамогу і паслугі грамадзянам ЗША, якія знаходзяцца ў Беларусі.

Беларуска-амерыканскія адносіны пагоршыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў. Вашынгтон не прызнаў іх вынікі. Сітуацыя яшчэ больш абвастрылася пасля інцыдэнту з самалётам кампаніі Ryanair 23 траўня 2021 года. ЗША аднавілі замарожаныя санкцыі супраць "Белнафтахіма" і шэрагу беларускіх прадпрыемстваў і віталі эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, якія ўвёў Еўрасаюз.

У адказ беларускае МЗС запатрабавала скараціць персанал амерыканскай дыпмісіі і адклікала дазвол на працу ў Беларусі Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці.

Мінск так і не выдаў візу прызначанаму амбасадару ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр. Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей патлумачыў гэты крок тым, што беларускія ўлады хацелі б разумець, "у якім статусе спадарыня прызначаны амбасадар мае намер працаваць у Беларусі. Калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы аб нелегітымнасці рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.