Пасля дажджу госьці раскупілі ўсе фестывальныя кашулькі з лагатыпам

Зараз на Szyget то спякотнае сонейка, то дождж. Дождж нікому не замінае, а нават мае свае добрыя бакі — пасля дажджу госьці раскупілі ўсе фестывальныя кашулькі з лагатыпам.
Што ж да выступаў, то кажучы пра ўчорашні выступ The Good The Bad and The Queen, усе прысутныя на фэсце музычныя крытыкі сцвердзілі, што ўсё ж гэты праект займае не сваю нішу.

А пра The Chemical Brothers мы ўжо шмат казалі, але хочацца падкрэсліць, што ў іх быў вельмі цікавы відэашэраг: на экране поўзалі жукі, бегалі зебры ды сланы, і ўсё гэта ў ружовых колерах на чорным фоне, пасля чаго з экрану на публіку памаршавала войска робатаў — нават можна было спалохацца.

На Szyget можна вельмі шмат даведацца пра розныя краіны і культуры, у тым ліку і пра Беларусь. Калі хто чуе, што я з Беларусі, людзі пачынаюць церабіць патыліцу і прыгадваць: "Ou! You have very strong president! (вы маеце вельмі моцнага прэзыдэнта)".

Палова акрамя прэзыдэнта ўзгадвае, што нашая сталіца - Мінск, некаторыя ведаюць яшчэ больш — і пераважна гэта немцы і французы. А вось вугорцы вельмі доўга ўзгадваюць, што такое Беларусь, але толькі таму, што на вугорскай мове нашая краіна называецца ўтрая даўжэй — вымавіць гэта немагчыма.

А сёння а 16.30 нас чакае джыпсі-панк ад Gogol Bordello, вакаліст якога паходзіць, дарэчы, з Украіны. У мінулым годзе гэты гурт быў прызнаны найлепшым на Szyget. А пасьля выступяць Pink i Madness, які лічыцца адным з найлепшых паці-гуртоў за ўсе часы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі