Вы тут

Паштарку, якая паведаміла даныя дзясяткаў міліцыянтаў, асудзілі на 3 месяцы

Ларыса Танкашкур у судзе / spring96.org

22 студзеня суд Першамайскага раёна Мінска асудзіў 56-гадовую паштарку Ларысу Танкашкур на тры месяцы арышту, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Жанчына перадала адміністратару ТГ-чату “Лебяжий 97%” асабістыя звесткі міліцыянтаў, якія яна ўзяла з картатэкі падпісчыкаў ведамаснай газету МУС "На страже". 

Пацярпелымі па справе прызнаныя 35 чалавек, сярод якіх ёсць супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС, выкладчыкі Акадэміі МУС, намеснік начальніка ДАІ і нават ужо звольненыя міліцыянты. 

Дзеянні паштаркі следчыя кваліфікавалі як “незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую ці сямейную тайну іншай асобы, без яго згоды, якія пацягнулі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых з-за помсты супрацоўнікам міліцыі па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніі ў Беларусі".

Ларыса Танкашкур сваю віну прызнала часткова: яна сказала, што распаўсюдзіла даныя, але не з ідэалагічнай і палітычнай непрыязнасці або помсты. 

Суддзя Таццяна Ліннік вынесла той прысуд, які прасіў пракурор, — тры месяцы арышту. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.