“Партызан” памёр па дарозе на палігон

Па дарозе на вайсковыя зборы пад Полацкам у цягніку Віцебск-Полацк ад сардэчнай недастатковасці памёр 38-гадовы віцяблянін Уладзімір Акунёў. Ваенкамат дапамог Галіне Акунёвай пахаваць сына. Але так і не патлумачылі адзінокай жанчыне, якая ў студзені пахавала мужа, чаму хворага чалавека ўзялі на зборы. Як сказала маці памерлага, у ваенкамаце ёй патлумачылі, што такія “прызыўнікі” камісію не праходзяць.


Галіна Акунёва: “Камісіі не было. Яны сказалі, што ў тых, каго бяруць на зборы, камісіі не бывае. Я не ведаю, ці так гэта, але калі я там была, мне так сказалі”.


Правяла сваё расследаванне смерці “партызана” і транспартная пракуратура Віцебска. Як сказаў адзін са следчых, справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства.


Следчы пракуратуры: “Смерць не крымінальнага характару, адказны матэрыял. У нас ёсць усе дакументы: і медыцынскага характару, і матэрыялы праверкі абставін”.


Начальнік мабілізацыйнага аддзялення Віцебскага гарваенкамату маёр Сяргей Макарэвіч вінаваціць у здарэнні самаго прызыўніка. Уладзімір Акунёў павінен быў сам расказаць пра свае хваробы і запатрабаваць медкамісію.


Сяргей Макарэвіч: “Ёсць розныя віды збораў. Па гэтым відзе, згодна з кіраўнічымі дакументамі, медкамісія праводзіцца па вуснай заяве альбо скарзе. Кажа, што ў яго баліць тое ці тое, і пакуль камісія не правядзе абследаванне, рашэнне аб адпраўцы на зборы не прымаецца”.


Па словах маці памерлага, позва на вайсковыя зборы прыйшла сыну яшчэ ў сакавіку. Да адпраўкі на палігон пад Полацкам Уладзімір Акунёў тры разы хадзіў у ваенкамат. Складаў нейкія анкеты і падпісваў дакументы. Пра медкамісію не ўзгадваў. Хаця маці заўважала, што са здароўем у сына не ўсё добра.


Галіна Акунёва: “Ён не любіў скардзіцца. Хаця я бачыла, што ў яго і з сэрцам не ўсё добра, і пячонка была павялічаная”.


Маці не выключае, што сын сам не паведаміў у ваенкамаце пра свае праблемы са здароўем. Лічыць, што ўсё з-за яго нелюбові хадзіць да дактароў. Толькі ёсць і іншая версія, чаму Уладзімір Акунёў не захацеў пазбегнуць паездкі на вайсковыя зборы – грошы. Апошнія два гады ён нідзе не працаваў, перабіваўся рэдкімі “халтурамі”. У студзені сям’я пахавала Акунёва-старэйшага, і іх з маці фінансавае становішча было не самым лепшым. А за ўдзел у ваенных зборах Уладзімір Акунёў павінен быў атрымаць неблагое ўзнагароджанне -- каля 500 тысяч рублёў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў начальнік мабілізацыйнага аддзялення Сяргей Макарэвіч.


Сяргей Макарэвіч: “Беспрацоўным выплачваецца 15 базавых велічынь за месяц”.


Прыгадваючы сына, Галіна Акунёва пачынае плакаць і… дзякаваць ваенкамату. За тое, што дапамаглі яго пахаваць. Адна б яна не справілася.


Галіна Акунёва: “Яны мне дапамаглі, вельмі дапамаглі. Яны мне далі машыну, і салдаты былі, і труна. У Шуміліна па яго ездзілі. Дзякуй ім вялікі, яны дапамаглі мне”.


Не лічыць вінаватым ў няшчасці віцебскі ваенкамат і начальнік мабілізацыйнага аддзялення ваенкамату Фрунзенскага раёна Мінску Аляксандр Каралёнак.


Аляксандр Каралёнак:
“Гэта ваш абавязак — праходзіць медыцынскі агляд, калі вы адчуваеце, што з вашым станам штосьці не так. Вы ваеннабавязаны, вы павінны прыйсці і сказаць, што вам неабходна абследаваць тое і тое. Пішаце заяву -- і вы праходзіце медкамісію, дзе вам вызначаюць ступень вашай прыдатнасці”.

Па яго словах, медыцынская камісія для прызыўнікоў на вайсковыя зборы сапраўды прызначаецца толькі па іх асабістым пісьмовым патрабаванні. Але, кажа, гэта іх салдацкі абавязак – паведамляць праўду пра стан свайго здароўя.

Першапачатковая крыніца інфармацыі — BulletinOnline.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі