Партыю ўлады ствараюць пад Віктара Лукашэнку?

Палітолагі лічаць, што “Белая Русь” будзе або БРСМ для дарослых, або нават КПСС.
Літаральна за апошнія два тыдні ва ўсіх рэгіёнах краіны прайшлі ўстаноўчыя сходы грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Пры гэтым за ўсе 13 гадоў праўлення Аляксандра Лукашэнкі пытанне пра стварэнне праўладнай партыі не ўздымалася. Прэзідэнт сам выступаў супраць такой ініцыятывы.
Еўрарадыё вырашыла дазнацца, што гэта за арганізацыя і з якой мэтай яна паўстала.

Мы патэлефанавалі кіраўніку Мінскай гарадской арганізацыі “Белая Русь”, рэктару Беларускага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаілу Батуру.

“У мэтах гаворыцца, што арганізацыя павінна спрыяць аб’яднанню прагрэсіўных сіл з мэтай дасягнення эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ў нашай краіне, з мэтай дынамічнага развіцця, каб падтрымліваць знізу дзяржаўныя органы кіравання”.

Па словах спадара Батуры, у арганізацыі прадстаўленыя ўсе слаі насельніцтва:

“Там ёсць і творчая інтэлегенцыя, акадэмікі, прафесары, ёсць дэпутаты, працоўныя, дырэктары і намеснікі заводаў…”

Сярод іншых у шэрагі “Белай Русі” уступіў і віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, славуты барэц Аляксандр Мядзведзь. Ён падзяліўся з Еўрарадыё, што неўзабаве ўсе беларускія спартоўцы далучацца да гэтай арганізацыі.

“Вось толькі што ў мяне былі спартоўцы. Яны ўсе хочуць уступаць. Я кажу: “Пачакайце! Пакуль уступіў толькі я. Але цяпер ужо многія напісалі заявы на ўступленне. Вось, напрыклад, дзяўчаты, якія паехалі цяпер у Еўропу на чэмпіянат, сказалі, што па вяртанні будуць уступаць”.

Магчыма, Аляксандр Мядзведзь паўторыць шлях расійскага барца Аляксандра Карэліна, які пайшоў у дэпутаты пад сцягам праўладнай партыі “Адзіная Расія”. Аднак ад гэтага пытання былы спартоўца ўхіліўся.

Дарэчы, “Белая Русь” пакуль абвяшчае сябе выключна як грамадская арганізацыя, а не палітычная партыя. Тым не менш, афіцыйны палітолаг Юры Шаўцоў упэўнены, што “Белая Русь” пойдзе ў палітыку.

“Прэзідэнцкая палітычная партыя ствараецца пад парламенцкія выбары з тым, каб яна адназначна дамінавала ў Палаце прадстаўнікоў пасля выбараў 2008 года. Тады нас будзе чакаць змяненне Канстытуцыі ў бок павелічэння ролі парламенту за кошт абмежавання ўлады прэзідэнта”.

Навошта моцнаму Лукашэнку такая партыя? На думку палітолага Аляксандра Фядуты, гэта патрэбна кіраўніку краіны, каб кантраляваць уладу яшчэ і праз партыйныя структуры, а не толькі сілавыя.

“Партыя зараз становіцца як у савецкія часы — агромністым аддзелам кадраў. Тое, што ў гэтую партыю ўступіць сын прэзідэнта — гэта ўжо зразумела. А ў будучым парламенце Віктар Аляксандравіч Лукашэнка будзе ўзначальваць самую вялікую прапрэзідэнцкую фракцыю”.

Палітолаг Віктар Марціновіч упэўнены, што ніякага дачынення да палітыкі арганізацыя “Белая Русь” не можа мець у прынцыпе.

“Сама беларуская палітыка структураваная такім чынам, што такі кампанент сістэмы, як партыя ўлады, ёй проста не патрэбны. У нас прэзідэнт — партыя ўлады, у нас прэзідэнт падмяняе сабой усю палітыку. Гэтая сістэма так пабудавана. Нам не патрэбныя новыя асобы. Менавіта ў сувязі з гэтым, я так мяркую, узніклі гэтыя чуткі, што арганізацыю “Белая Русь” можа ўзначаліць сын дзеючага прэзідэнта”.

На думку спадара Марціновіча, грашовы матыў асноўны сярод сапраўдных мэтаў стварэння арганізацыі.

“Адзіным матывам з’яўлення “Белай Русі” стала жаданне пэўнай групы ва ўладзе засвоіць даволі буйныя масівы бюджэтных масаў, якія выдаткоўваюцца на такія арганізацыі. Вопыт стварэння і функцыянавання спачатку БПСМ, а затым БРСМ прадэманстраваў некаторым чыноўнікам, якія маюць дачыненне да кіраўніцтва краіны, што стварэнне нейкай праўладнай арганізацыі — гэта самы эфектыўны спосаб засваення рэсурсаў, што і адбываецца з “Белай Руссю”

З ім пагаджаецца і палітолаг Юры Чавусаў:

“Гэта БРСМ для дарослых. Натуральна, у выбарах яны будуць удзельнічаць, але я не думаю, што гэта нешта падобнае да палітычнай партыі”

Прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, па словах спадара Чавусава, мяркуюць, што стварэнне “Белай Русі” — гэта, магчыма, пераход да прапарцыйнай сістэмы галасавання ў сувязі з будучымі выбарамі. Еўрапейскае радыё звярнулася да сакратара Цэнтрвыбаркаму Мікалая Лазавіка.

“Ці ёсць там нейкія намёткі ў заканадаўцаў — парламенту, прэзідэнта — а гэта менавіта ў іхнай кампентэнцыі змяняць існуючыя палажэнні, я сказаць не магу. Па маіх звестках, ніякіх навацый не чакаецца”.

Усё ж такі пакуль дакладна невядома, чым у далейшым стане “Белая Русь”. Але тое, што неўзабаве ўсіх працаўнікоў папросяць папоўніць шэрагі гэтай арганізацыі, цалкам магчыма. Наўрад ці ўдалы вопыт БРСМ застанецца безуважным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі