Партыю БНФ занепакоіў прыток у Беларусі мігрантаў з Сірыі

Партыю БНФ занепакоіў прыток у Беларусі мігрантаў з Сірыі

Партыя БНФ заклікае ўрад абмежаваць паток мігрантаў у Беларусь з Сірыі. Такую заяву арганізацыя прыняла 19 сакавіка на сваім сойме. У дакуменце адзначаецца, што за час вайны ў Сірыі ў Беларусь прыбыло болей за 300 бежанцаў з гэтай краіны. Беларускія ўлады і ААН вядуць актыўныя перамовы пра павелічэнне патоку перамяшчэння асобаў сірыйскага паходжання, якія даюць жыхарства ў Беларусі.

Адначасова прымаюцца заканадаўчыя захады ў кірунку спрашчэння атрымання статусу бежанца і прытулку ў Беларусі. “Нягледзячы на тое, што колькасць прынятых мігрантаў пакуль невялікая, створаны прэцэдэнт і рыхтуецца прававая база для перамяшчэння ў Беларусі вялікіх групаў з Сірыі”, — цытуе тэкст заявы БелаПАН.

У Партыі БНФ лічыць недапушчальным масавае прыняцце эканамічных мігрантаў “з іншага цывілізацыйнага кола”. Аўтары звароту згадваюць пра дэмаграфічны крызіс, выезд за мяжу вялікай колькасці суайчыннікаў, а таксама “не да канца сфармаваную нацыянальную свядомасць”. У сувязі з гэтым партыя патрабуе спыніць практыку запрашэння ў краіну мігрантаў, якія не маюць рэальнай неабходнасці ў прытулку і пераразмяркоўваюцца ў Беларусь з краінаў, дзе іх асабістай бяспецы нічога не пагражае.

Пры гэтым арганізацыя лічыць метазгодным траціць бюджэтныя сродкі на заахвочванне суайчыннікаў да вяртання з-за мяжы, як гэта робяць Польшча і Венгрыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі