“pARTizan” сабраў беларускіх лузераў пад адной вокладкай

Лузеры, аўтсайдэры, няўдачнікі, маргіналы – гэта героі новага сёмага нумару часопісу “pARTisan”. На думку галоўнага рэдактара часопіса Артура Клінава, усе мы лузеры – па пашпарце, па месцы нараджэння. Артур Клінаў: “Такі лёс у нашага народу, у нашай краіны. Бо ён з дапамогай гістарычных механізмаў патрапіў у гэтае лузерскае кола. І беларуская культура таксама. Бо беларуская культура, па вялікім рахунку – не важна, афіцыйная, неафіцыйная, легальная, нелегальная – яны ўсё роўна і тая, і другая знаходзяцца ў тым самым лузерскім коле”.

Максім Жбанкоў афарбоўвае беларускіх лузераў у пазітыўны, крэатыўны колер. Ён зазначыў, што часопіс “pARTisan” будуе сваю мастацка-інтэлектуальную прастору. А справа лузераў – на падставе гэтай прасторы рабіць свае ўласныя крокі.

Максім Жбанкоў: “Гэта насамрэч спроба незалежнага мыслення з розных нагодаў. Мы будуем пэўную інтэлектуальную прастору. Альбо мастацка-інтэлектуальную. Гэта спроба адбудовы нейкага праблемнага поля. І вось калі вы самі адмаўляецеся ад нашага прэсінгу і спрабуеце на падставе гэтага нумару рабіць свае ўласныя крокі, гэта значыць, што вы не ёсць лузерамі. Альбо вы ёсць лузерамі беларускімі – самадастатковымі, пазітыўнымі, крэатыўнымі, якія будуюць сваё на рэштках імперскіх дыскурсаў”.



Спадар Жбанкоў не хавае, што і сам калі-нікалі бывае лузерам. Аўтарка асноўнага эсэ нумару Марыйка Мартысевіч таксама сцвярджае, што беларускія лузеры – гэта не дрэнна, а зусім наадварот.

Марыйка Мартысевіч: “Мне здаецца, што нельга ператвараць гэтую катэгорыю ў чыста адмоўную. Мы глядзім на сябе не як беларусы на беларусаў. Мы глядзім на сябе вачыма іншых людзей, іншых нацыяў. Калі мы будзем глядзець на гэта беларусацэнтрычна, то такое лузерства робіцца натуральным станам і, можа быць, нават у чымсьці пазітыўным”.

На прэзентацыі часопісу гасцям быў падрыхтаваны пачэсны лузерскі пачастунак – плаўлены сырок “Дружба”, чыпсы “Онега” і піва “Александрыя”. Таксама прысутныя атрымалі ў падарунак новы нумар часопісу “pARTisan”, загорнуты ў газеты, якія з-за свайго лузерства перасталі існаваць.



У нумары можна таксама знайсці тэксты паэта-маргінала Сяргея Прылуцкага, філосафа Алеся Анціпенкі, кінааналітыка Андрэя Расінскага, паэта Андрэя Хадановіча, фельетаніста Лёліка Ушкіна, філосафа Ігара Бабкова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі