Вы тут

Парламенцкія выбары ў Азербайджане: перамога ўлады і непрызнанне апазіцыяй

Выбары ў парламент у Азербайджане / Reuters

Вынікі

У нядзелю 9 лютага ў Азербайджане прайшлі пазачарговыя выбары ў парламент, на якіх перамагла ўзначальваная прэзідэнтам Ільхамам Аліевым кіруючая партыя "Ені Азербайджан" ("Новы Азербайджан").

Па апошніх звестках, яна атрымала 71 месца са 125. Большую частку астатніх мандатаў атрымалі дробныя партыі, пра якія абывацелю вядома толькі тое, што яны лаяльныя да ўладаў. Адзіны апазіцыянер, які трапіў у парламент — сябра праўлення незарэгістраванай партыі "Рэспубліканская альтэрнатыва" ("РЭАЛ") Эркін Гадзірлі, які ўдзельнічаў у выбарах як самавылучэнец. Зрэшты, шмат хто лічыць, Гадзірлі варта было б адмовіцца ад мандата, таму што выбары не былі справядлівымі.

З вынікамі катэгарычна не згодна апазіцыя: яе лідары абвінавачваюць улады ў фальсіфікацыі. Увечары 11 лютага ў Баку прайшла акцыя пратэсту з патрабаваннем расследаваць парушэнні. Паліцыя груба запхнула пратэстоўцаў у аўтобус і павезла ў невядомым кірунку, неўзабаве, зрэшты, адпусціўшы ўсіх. Аднаго з удзельнікаў мітынгу павезлі ў лякарню з падазрэннем на страсенне мозга і пералом рэбраў.

Што не так?

Неўзабаве пасля апублікавання вынікаў выбараў зрабіла заяву АБСЕ. Гэтая арганізацыя заявіла, што ўзяць пад сумнеў вынік яе прымусілі шматлікія парушэнні пры падліку галасоў і выпадкі ціску на назіральнікаў. "Нягледзячы на ​​вялікую колькасць кандыдатаў, выбаршчыкам не быў дадзены асэнсаваны выбар з-за адсутнасці рэальнай палітычнай дыскусіі. [...] Істотныя працэдурныя парушэнні пры падліку галасоў у дзень выбараў выклікалі сумневы ў тым, што вынікі былі падведзены сумленна",гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце арганізацыі.

Рэакцыя апазіцыі

Апазіцыя назвала выбары цалкам фальсіфікаванымі. Апазіцыйнае аб'яднанне Нацыянальны Савет дэмакратычных сіл (НСДС) заявіла, што сфальсіфікаваныя выбары не могуць адлюстроўваць волю народа.

"Шматлікіх доказаў аб парушэннях дастаткова, каб прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі", — сказана ў заяве, якую НСДС распаўсюдзіў у панядзелак 10 лютага.

"Гэты новы парламент цалкам складзены на аснове зацверджанага спіса Аліевых і таму не можа прадстаўляць азербайджанскі народ. Мы апублікавалі спіс будучых дэпутатаў за дзесяць дзён да выбараў на аснове інфармацыі сярод крыніц у выбарчых камісіях і органах улады. Гэты спіс супадае на 97 працэнтаў з абвешчанымі ЦВК папярэднімі вынікамі", — сказаў адзін з лідараў НСДС Джаміль Гасанлі ў інтэрв'ю "Каўказскаму вузлу".

Што на гэта адказалі ўлады

У адказ на гэтыя абвінавачанні ЦВК Азербайджана запэўніў, што вывучыць усе прэтэнзіі, "нават самыя дробныя намёкі".

"У выпадку іх пацвярджэння, будзьце ўпэўненыя, што ЦВК гатовы правесці сур'ёзнае расследаванне. Справа можа дайсці да абвяшчэння вынікаў несапраўднымі, а таксама, калі будуць выяўлены факты, якія можна разглядаць як крымінальную справу, то ў сувязі з гэтым ЦВК звернецца ў адпаведныя структуры",сказаў журналістам намеснік старшыні ЦВК Раўзат Гасымаў.

"Мы ўжо даўно прызвычаіліся да негатыўных заключэнняў шэрагу міжнародных назіральных місій, — сказаў прэзідэнт Азербайджана ў час адной з афіцыйных сустрэч 10 лютага. — Да гэтых выбараў была вельмі вялікая цікавасць. Таму што я не памятаю, каб на нейкіх парламенцкіх выбарах у Азербайджане было больш за 1300 кандыдатаў. Гэта значыць, гэта само па сабе сведчыць пра тое, што выбары прайшлі ва ўмовах канкурэнцыі і ў працэсе рэгістрацыі ўсіх кандыдатаў была прадэманстравана справядлівая пазіцыя", — цытуе азербайджанскага прэзідэнта яго афіцыйны сайт.

Выбары праўда былі беспрэцэдэнтнымі?

Перадвыбарчая кампанія праходзіла вельмі ажыўлена — асабліва па азербайджанскіх мерках. Кандыдаты абыходзілі насельніцтва, праводзілі сустрэчы з выбаршчыкамі і дэбаты ў сацсетках. Гэта незвычайна для Азербайджана, у якім перад выбарамі, як правіла, пануе апатыя. Незвычайным быў і высокі конкурс — на 1 месца ў парламенце прэтэндавалі больш за 10 чалавек.

Журналісты адзначалі таксама небывалае раней адзінства апазыцыі — напярэдадні з'явілася новае аб'яднанне, у якое ўвайшлі прадстаўнікі розных сіл.

Па матэрыялах "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.