Вы тут

Парашэнка заявіў, што санкцыянаваў аперацыю па злове "вагнераўцаў" у РБ

Пётр Парашэнка / скрыншот відэа

Былы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што асабіста санкцыянаваў аперацыю па затрыманні расейцаў, якія мелі дачыненне да авіякатастрофы Boeing у Данбасе ў 2014 годзе.

"Я хачу заявіць, што яшчэ ў канцы 2018 года тагачасны Вярхоўны галоўнакамандуючы Узброеных Сіл Украіны, тагачасны Пётр Парашэнка санкцыянаваў правядзенне гэтай аперацыі",заявіў ён у эфіры праграмы "Вялікая палітыка" на ўкраінскім "Пятым канале".

Мэтай гэтай аперацыі, па яго словах, было "прыцягнуць у Украіну і судзіць тых, хто датычны да нападу на самалёт MH17". Парашэнка таксама заявіў, што адказаць перад законам павінны не толькі тыя, хто здзяйсняў злачынствы ў Данбасе, але і тыя, хто аддаваў злачынныя загады.

Ён таксама выказаўся за стварэнне ва Украіне часовай следчай камісіі, якая занялася б пошукам адказу на пытанне, з-за каго была сарваная аперацыя па затрыманні "вагнераўцаў".

У канцы ліпеня ў Беларусі былі затрыманыя 33 грамадзяніна Расіі: большасць затрымалі ў санаторыі пад Мінскам, яшчэ аднаго — у Гомельскай вобласці. Сцвярджалася, што гэта супрацоўнікі прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера. У СК Беларусі пазней заявілі, што іх падазраюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Аналагічная крымінальная справа тады расследавалася і ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча.

Сярод затрыманых былі выхадцы з Украіны. Прозвішчы 12 з іх знаходзіліся ў базе "Міратворца", якая фіксуе "злачынствы супраць асноў нацыянальнай бяспекі Украіны". Гэтыя людзі трапілі ў базу, паколькі ў розны час ваявалі ў так званых "ДНР" і "ЛНР".

12 жніўня офіс генеральнага пракурора Украіны звярнуўся да беларускіх калег з запытам аб выдачы 28 чалавек. Але беларускія ўлады выдалі затрыманых Расіі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў гэтае рашэнне Мінска несяброўскім крокам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.