Вы тут

Парады прынца Уільяма, кавід-дысідэнт Балсанару і мудры тоўсты мядзведзь

Агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Пастаянна змяняюцца толькі дзве рэчы: клімат і стаўленне да вакцынацыі. Вядома, калі вы не прэзідэнт Бразіліі: у тое, што яго стаўленне да вакцынацыі калі-небудзь зменіцца, ужо ніхто не верыць.
 

Прырода занадта ачысцілася

Памятаеце, як у 2020 годзе нам расказвалі, што ў свеце рэзка скараціліся выкіды вуглякіслага газу? Рэзка — гэта на 6% за год! І вось прырода настолькі ачысцілася, што чалавек вырашыў гэта выправіць.

Цяпер выкіды зноў растуць. Для краін "Вялікай дваццаткі" за гэты год ужо выраслі на 4%. А на краіны дваццаткі прыходзіцца 75% усіх сусветных выкідаў.

Але гэта не значыць, што чалавецтва зусім не імкнецца стрымаць глабальнае пацяпленне. Выраслі і аб'ёмы выкарыстання зялёнай энергетыкі — ветру і сонца.

Праз два тыдні ў брытанскім Глазга адкрыецца важная кліматычная канферэнцыя. Там краіны будуць дамаўляцца і вырашаць, як стрымаць рост тэмператур.

Калі вы ўсё яшчэ не верыце ў глабальнае пацяпленне, раскажам вам пра страшныя факты. Навукоўцы падлічылі, што з 1999 да 2018 года праз уздзеянне клімату ва ўсім свеце загінула каля 500 тысяч чалавек, а эканамічныя страты склалі каля 3,5 трыльёна долараў ЗША.
 

Каралеўская гэта справа

Прынца Уільяма, сына каралевы Лізаветы II, таксама турбуюць пытанні клімату. І яго бацьку прынца Чарльза турбавалі тыя самыя пытанні. І яго дзеда, нябожчыка прынца Філіпа, — таксама.

Уільям сказаў, што было б зусім недапушчальна, калі б праз трыццаць гадоў яго сын, маленькі прынц Джордж, усё яшчэ павінен быў пераконваць чалавецтва і сусветных лідараў у тым, што трэба паклапаціцца пра прыроду.

Прынц Уільям / KensingtonRoyal

У інтэрв'ю прынц папракнуў бізнесменаў, якія ўсё больш актыўна ўкладваюцца ў асваенне космасу, і заклікаў больш клапаціцца пра Зямлю, а не пра іншыя планеты.

Вядома, Уільям ведае, што яго словы не перашкодзяць нам не без захаплення назіраць, як усё новыя і новыя прыватныя экспедыцыі адпраўляюцца ў космас. Ён проста заклікае не забываць: памятайце пра вугляродны след, які пакідаюць такія палёты.
 

І рады б прышчапіцца

СААЗ рэкамендавала ўвесці дадатковую дозу вакцыны людзям з аслабленым імунітэтам, але пакуль выступае супраць шырокага выкарыстання бустарных прышчэпак.

І рэч не ў тэорыях змовы, а ў тым, што значная частка насельніцтва Зямлі пакуль не атрымала і першую серыю вакцыны.

Паўднёвая Амерыка, Паўночная Амерыка, Еўропа, Азія, Акіянія ўвялі адну дозу вакцыны больш чым 50% насельніцтва. У Афрыцы прышчапіцца змаглі толькі 7% насельніцтва.

"Запуск бустараў — гэта на самай справе найгоршае, што мы можам зрабіць як сусветная супольнасць. Гэта несправядліва, мы не спынім пандэмію, ігнаруючы цэлы кантынент", — растлумачылі ў арганізацыі.
 

Не веру

А пакуль Афрыка пакутуе ад нястачы вакцыны, прэзідэнт Бразіліі Жазэ Балсанару наадрэз адмаўляецца вакцынавацца.

Спачатку ён сказаў, што прышчэпіцца пасля таго, як вакцынуецца апошні бразілец. А цяпер перадумаў: вырашыў, што ў яго і без таго моцны імунітэт. Прышчэпку ён параўнаў з гульнёй у латарэю, калі латарэйны білет каштуе 10 долараў, а максімальны выйгрыш — 2 долары.

Але бразільцы на прэзідэнта махнулі рукой: у краіне прышчапілася ўжо больш за 40% насельніцтва. Балсанару за сваё кавід-дысідэнцтва ўжо паплаціўся: калі ён прыехаў на саміт ААН, яму даводзілася падоўгу шукаць, дзе паабедаць. Бо ўваход ва ўстановы ў Нью-Ёрку адкрыты толькі для прышчэпленых.

У выніку адзін бразільскі рэстаран адгарадзіў для прэзідэнта тэрасу спецыяльнай шырмай. Упусціць унутр без сертыфіката аб вакцынацыі нельга, нават калі госць — прэзідэнт. Зрэшты, і добра: пасля высветлілася, што некалькі сябраў дэлегацыі Балсанару здалі станоўчы тэст на COVID.
 

Як стаць самым тлустым мядзведзем лесу

На Алясцы ў Нацыянальным парку жыве вельмі стары і вельмі мудры мядзведзь Отыс. І ён чацвёрты раз выйграе конкурс на званне яшчэ і самага тоўстага мядзведзя запаведніка.

Самы тлусты мядзведзь

У парку жыве больш за дзве тысячы мядзведзяў. Арганізатары конкурсу спярша публікуюць іх фатаграфіі, зробленыя ў час летняга пляжнага сезона, да набору вагі. А потым дадаюць восеньскі здымак, калі мядзведзь набраў максімум вагі і гатовы адпраўляцца ў зімовую спячку. Галасуюць і выбіраюць самага тоўстага мядзведзя госці сайта.

Отыс стары, яму 25 гадоў, у яго дрэнныя зубы, яму цяжка паляваць. Дык якім чынам ён стаў такім тоўстым, што абышоў усіх іншых удзельнікаў конкурсу? Рэч у тым, што Отыс не толькі стары, але і мудры. Ён проста сядзіць на беразе і засяроджана чакае, калі рыба сама да яго прыплыве, расказвае "Эскваер".

Дарагі "Эскваер", мы б з радасцю прачыталі і іншыя "правілы жыцця" гэтага мядзведзя. Здаецца, ён нядрэнна ў жыцці разбіраецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.