Вы тут

Папулярны паб-квіз “МазгаБойня” пройдзе па-беларуску ў гонар #БНР100

Карпаратыўная "МазгаБойня" ў "Мінск-Арэне". Фота з "ВКонтакте"

Папулярны паб-квіз “МазгаБойня”, гульні якога збіраюць у Мінску па тры тысячы чалавек кожны тыдзень, у гонар #БНР100 пераходзіць на беларускую мову. На гульнях, якія пройдуць у сталіцы 26-29 сакавіка, пытанні будуць гучаць па-беларуску.

“Апошнія тры гады мы марылі пра тое, каб зрабіць гульню цалкам на беларускай мове. Менавіта на 25 сакавіка, таму што для мяне гэтая дата — не пусты гук, — распавядае Еўрарадыё заснавальнік міжнароднага праекта “МазгаБойня” Аляксандр Ханін. — Але ўвесь час чаго-небудзь не хапала. То часу, то здольнасцяў, то… не ведаю, яец паміж ног. Сёлета, прыкладна два месяцы таму, я зноў пра гэта падумаў. І вырашыў усё ж такі зрабіць”.

Стваральнік "МазгаБойні" Аляксандр Ханін. Фота з Facebook

На жаль, беларускамоўныя гульні — выключэнне: праз тыдзень “МазгаБойня” вернецца да сваёй звычайнай рускай мовы.

“Звычайна мы гуляем на рускай мове, але ў кожнай нашай гульні ёсць адно-два-тры пытанні ці на беларускай мове, ці пра беларускую мову, ці пра гісторыю і культуру Беларусі, — працягвае Аляксандр Ханін. — Іншая справа, што не ўсе нашы вядоўцы валодаюць беларускай мовай так добра, каб правесці на ёй усё мерапрыемства. Таму, каб гэта не гучала непрафесійна, некаторыя з іх гульню будуць весці па-руску, але пытанні і адказы зачытваць па-беларуску. Такі здаровы кампраміс”.

Музычны тур будзе “і пра Беларусь, і на беларускай мове”. “Яшчэ адзін тур будзе цалкам прысвечаны Беларусі. А астатнія пытанні будуць разлічаныя на шырокі спектр ведаў — то бок, гульня будзе збалансаваная, як і заўсёды, але з акцэнтам на Беларусі, і на мове”, — падсумоўвае заснавальнік “МазгаБойні”.

"МазгаБойня" ў мінскім клубе "Мулен Руж". Фота з "ВКонтакте".

Калі нехта з гульцоў будзе незадаволены такім паваротам падзеяў, адразу папярэджваем, што грошы яму не вернуць.

“На кожнай гульні ёсць людзі, якія скардзяцца, што некаторыя пытанні некарэктныя, а нейкія ўвогуле жудасныя і не вартыя таго, каб на іх адказваць. Грошы мы такім людзям не вяртаем. І што самае цікавае, яны вяртаюцца на “МазгаБойню” зноў і зноў. Калі ж нехта будзе незадаволены беларускай мовай, я прапаную ім зазірнуць у Канстытуцыю, дзе беларуская мова прапісаная як дзяржаўная”, — дадае Аляксандр Ханін.

Калі вы захапіліся ідэяй згуляць “МазгаБойню” на беларускай мове, збірайце каманду і пішыце ў суполку праекта “ВКонтакте”. Рэгістрацыя ўжо скончылася — як заўжды, на кожны дзень зарэгістравалася больш за 60 каманд, сярод якіх, дарэчы, ёсць і каманда Еўрарадыё. Але арганізатары гульні абяцаюць пашукаць магчымасць зарэгістраваць яшчэ пару-тройку каманд.