Вы тут

Памёр заснавальнік і вакаліст рок-групы Status Quo Алан Ланкастэр

Ланкастэр пакутаваў рассеяным склерозам / EAST NEWS

Заснавальнік, басіст і вакаліст брытанскай рок-групы Status Quo Алан Ланкастэр памёр ва ўзросце 72 гадоў у сваім доме ў Сіднэі ў атачэнні родных.

Ланкастэр пакутаваў рассеяным склерозам. Гэта цяжкае аўтаіммуннае захворванне, пры якім могуць узнікаць парушэнні зроку, кантролю над цягліцамі і пачуцця раўнавагі, а таксама праблемы псіхікі.

Блізкі сябар Ланкастэра журналіст Крэйг Бенэт напісаў у сацсетках, што музыкант упарта змагаўся з хваробай і да апошняга выступаў на сцэне, хоць яму было цяжка перасоўвацца самастойна. Так, у 2013-2014 гадах Ланкастэр удзельнічаў у канцэртным туры арыгінальнага складу Status Quo.

Status Quo была заснавана ў 1962 годзе і за гэты час прадала больш за 110 млн копій пласцінак ва ўсім свеце. Па колькасці альбомаў, якія сталі хітамі, Status Quo саступае толькі Rolling Stones. Гурт актыўна выступае дагэтуль, але Ланкастэр пакінуў яго яшчэ ў 1985 годзе, калі пераехаў у Аўстралію.

Status Quo, Roadhouse Blues, Live 1970. Вакал і бас-гітара — Алан Ланкастэр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.