Вы тут

Памочнік дзяржсакратара ЗША ў Мінску ўсклаў кветкі да помніка Купалу

Фота: facebook.com/usembassy.minsk

Амерыканскі чыноўнік у Мінску ўсклаў кветкі да помніка Янку Купалу. Памочнік дзяржсакратара ЗША ў справах Еўропы і Еўразіі Уэс Мітчэл прыбыў у беларуску сталіцу з афіцыйным візітам, паведамляе на афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку прэс-служба амерыканскай амбасады.

Да помніка Песняру ён прынёс букет белых і чырвоных ружаў. Падчас ускладання кветак ён сказаў, што ўшанаваў Купалава бачанне беларусаў як суверэннай і незалежнай нацыі, паведамляе TUT.by

Мітчэл упершыню прыехаў у Беларусь. Тут ён сустрэўся з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі дзеля абмеркавання амерыкана-беларускага супрацоўніцтва ў шэрагу глабальных праблемаў.

Тыдзень таму Мітчэл выступаў на мерапрыемстве Атлантычнага савета — амерыканскага экспертнага цэнтра ў міжнародных справах, дзе заявіў, што перад ЗША стаіць задача “ўмацаваць Захад, каб супрацьстаяць уплыву сапернікаў, які расце”. Беларусь ён назваў “часткай бастыёну, які абараняе ад расійскага неаімперыялізму”.