Вы тут

"Паляўнічая губерня": расіяніну пайсці на лася ў РФ — 4000 BYN, а ў РБ — 600 BYN

Звяроў у Беларусі для ўсіх "грамадзян дзяржаў ЕАЭС" хопіць? / Еўрарадыё

З лістапада 2021 года расіяне, казахі, кыргызы і армяне будуць плаціць за дазвол на здабычу беларускай дзічыны столькі ж, колькі і беларусы. А гэта ў разы менш за цэны, устаноўленыя ў Беларусі для замежных гасцей.

У адпаведнай пастанове Саўміна за 2019 год ахвотныя папаляваць дзяліліся на дзве групы — "грамадзяне Рэспублікі Беларусь" і "замежныя грамадзяне". У рэдакцыі дакумента 2021 года з'явіўся новы пункт — "грамадзяне дзяржаў — сябраў Еўразійскага эканамічнага саюза", якіх запісалі ў адну графу з паляўнічымі-беларусамі. А значыць, і расцэнкі для "грамадзян" сталі значна таннейшыя.

З лістапада 2021 года для грамадзян краін ЕАЭС тыя самыя расцэнкі на паляванне ў РБ, што і для беларусаў / Еўрарадыё

Танней у некалькі разоў

Еўрарадыё пацікавілася: колькі каштуе папаляваць у Расіі? Напрыклад, у паляўнічай гаспадарцы Ленінградскай вобласці ў 2021 годзе пуцёўка на дарослага лася каштуе 120 000 расійскіх рублёў, або прыкладна 4000 беларускіх. У Беларусі дарослы лось "трафейны" для "грамадзяніна дзяржавы — сябра Еўразійскага эканамічнага саюза" цяпер абыдзецца ўсяго ў 600 беларускіх рублёў.

У той самай Ленінградскай паляўнічай гаспадарцы схадзіць па вясне на глушца расіяніну будзе каштаваць 10 000 расійскіх рублёў, або прыкладна 340 беларускіх. Калі ён паедзе па глушца ў Беларусь, то тут для "грамадзяніна дзяржавы ЕАЭС" пуцёўка на тую самую птушку будзе каштаваць 50 BYN.

50 рублёў за пуцёўку на глушца ў Беларусі / Еўрарадыё

А па якіх цэнах могуць паляваць беларусы ў Расіі? Нашых суайчыннікаў таксама ўраўнавалі з "грамадзянамі дзяржаў ЕАЭС" або паляўнічая пуцёўка каштуе для беларуса даражэй як для замежніка?

— На тэрыторыі Расіі кожны грамадзянін атрымлівае федэральны паляўнічы білет і палюе па кошце, абвешчаным бокам, які запрашае, няхай гэта будзе прыватная асоба або аўтфітар, які арганізуе трафейнае паляванне, — расказвае Еўрарадыё рэдактар расійскага праекта ohota.life Аляксандр Фралоў. — Гэта значыць, такой градацыі, як грамадзянін РФ — не грамадзянін, няма.

Ці працуе гэта на практыцы? З такім пытаннем мы звярнуліся ў прыватную паляўнічую гаспадарку "Чугунаеўскае" ў Цюменскай вобласці. Дарэчы, там пуцёўка на "трафейнага лася" крыху таннейшая, чым у Ленінградскай паляўнічай гаспадарцы, і яе кошт пачынаецца ад 100 000 расійскіх рублёў за адзінку.

Для расіяніна і беларуса "трафейны лось" у "Чугунаеўскім" каштуе аднолькава / Еўрарадыё

У "Чугунаеўскім" нашаму пытанню дзівяцца.

— Дзіўнае пытанне. Для нас як карыстальнікаў паляўнічай гаспадаркі няма розніцы, калі чалавек прыехаў з суседняга рэгіёна або з Беларусі. Усё па індывідуальнай дамоўленасці ў залежнасці ад пажаданняў, — адказвае прадстаўнік паляўнічых угоддзяў.

Удакладняем па цане: калі беларус прыедзе на дарослага "лася трафейнага", то яму гэта абыдзецца прыкладна ў 100-120 тысяч расійскіх рублёў — гэтаксама, як і грамадзяніну РФ?

— Так, правільна. На заканадаўчым узроўні цэны не рэгламентаваны, і мы будзем зыходзіць з апублікаванага прайса. Дый беларусы нам браты, — дадае прадстаўнік "Чугунаеўскага".

Расійскія ласі / instagram.com/chugunaevskoe

Панікаваць заўчасна?

Што пра наступствы паляўнічай "ураўнілаўкі" думаюць у Беларусі?

— Паляўнічая галіна, будзем аб'ектыўныя, у Беларусі ў досыць добрым стане. Працэдуры прасцейшыя, чым у той самай Расіі, звера ў лясах дастаткова. Па колькасці ласёў, напрыклад, мы нібыта на другім месцы ў свеце пасля нарвежцаў. Лагічна, што ўлады паглядзелі на гэта і падумалі: чаму б не зарабляць тут больш? — дзеліцца меркаваннем з Еўрарадыё паляўнічы з Гомеля. — У Расіі ў звычайных паляўнічых аж занадта праблем, галоўная з якіх, мяркуючы па тым, што мне даводзілася чуць, — вельмі нязручная і недасканалая аплата ліцэнзій праз сістэму "Дзяржпаслугі". Не ўдаючыся ў дэталі, там цяпер гэта працуе так, што для большасці атрымаць ліцэнзію рэальная праблема, браканьерыць прасцей.

Адпаведна, беларускія ўлады ў пэўным сэнсе спрабуюць пракруціць тую самую схему, што і з ігральным бізнесам, які ў Расіі забаронены. Калі цяжка ў сябе — едзьце да нас, мы толькі рады.

Як хутка плынь паляўнічых з Расіі хлыне ў Беларусь? / instagram.com/chugunaevskoe

— Я думаю, тут нам панікаваць, напэўна, заўчасна. Не ўпэўнены, што тыя самыя расійскія паляўнічыя проста хлынуць да нас, — працягвае гамяльчук. — Па-першае, большасць паляўнічых — гэта людзі з "хатняй" псіхалогіяй, не ў сэнсе сядзення ў хаце, а ў сэнсе прывязкі да сваёй мясцовасці, знаёмых лясоў і лугоў. Сярод іх нячаста сустрэнеш актыўных падарожнікаў.

І другое — гэта, зноў жа, гісторыя пра мэтазгоднасць. Уявіце сабе звычайнага расійскага мужыка. Ён ідзе браканьерыць таму, што яму па сістэме "Дзяржпаслугі" цяжка легальную ліцэнзію купіць, а проста пайсці ў лес са стрэльбай прасцей, тым больш што гэта бязмежны расійскі лес і кантроль там мінімальны.

І вось гэты мужык, які займаецца браканьерствам таму, што складана купіць ліцэнзію, раптам паедзе ў Беларусь паляваць таму, што тут гэта прасцей? Вельмі сумняваюся, бо ў цэлым паехаць у іншую краіну, хай і без мяжы, са зброяй і ўсё такое — гэта яшчэ складаней, чым у сябе ліцэнзіі дамагчыся. Банальная рэч — абывацельская лянота і мінімізацыя высілкаў. Усё роўна возьме сваю дубальтоўку і пойдзе па сваіх месцах.

Магчыма, павялічыцца, напрыклад, адстрэл зуброў. Гэта тое, што можа быць цікава багатым. Але ў цэлым я не думаю, што новаўвядзенні сур'ёзна ўдараць па нашым зверы і прынясуць уладам барышы. Хутчэй за ўсё, эфекты будуць нязначныя і непрыкметныя.

Маленькі лось / instagram.com/chugunaevskoe

— Наконт таго, што сюды ўсе ламануцца, — наўрад, — расказвае Еўрарадыё паляўнічы з Мінска. — У Расіі ёсць маса больш прывабных варыянтаў палявання за меншыя грошы, чым у нас, — і цяпер гавару не пра афіцыйныя варыянты. Я месяц таму быў у Прымор'і, і мне шмат чаго расказалі пра мясцовыя магчымасці.

Тут глыбей трэба глядзець: колькі з гэтых грошай вылучаецца на аднаўленне пагалоўя. Ёсць квоты, ёсць строгая рэгуляцыя пагалоўя, ніхто не дасць выбіваць звяр'ё. Шкоды для дзічыны наўрад ці будзе. Проста для нас будзе менш магчымасцяў узяць пуцёўку. Але гэта ўсё яшчэ будзе залежаць і ад егераў менавіта па месцах, мясцовыя егеры могуць шмат чаго, — лічыць мінчук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.