Паломка ў Новай Баравой, якую не могуць паправіць трэці дзень, — нескладаная

Ніякіх зрухаў з засаўкай з калодзежа / trubanet.ru
Ніякіх зрухаў з засаўкай з калодзежа / trubanet.ru

Жыхары Новай Баравой пад Мінскам трэці дзень сядзяць без вады. Хтосьці залез у каналізацыйны калодзеж, перакрыў ваду і пашкодзіў засаўку, каб яе немагчыма было адкрыць назад.

— Там зрэзаны вентыль на засаўцы. Ліквідаваць непаладку павінен "Мінскводаканал", — расказвае Еўрарадыё Аляксандра Варанецкая, прадстаўніца кампаніі "А100 Камфорт". Менавіта гэтая кампанія займаецца абслугоўваннем мікрараёна "Новая Баравая".

Няспраўнасць нескладаная. Інжынер аднаго з участкаў "Мінсккамунцепласеткі" расказвае Еўрарадыё, што яна сапраўды не патрабуе працяглага рамонту.

— Наогул — гэта аператыўна павінна быць, таму што людзі сядзяць без вады, без цяпла. Гэта аварыйная служба павінна працаваць, нават ноччу працаваць павінны. Так, каб замяніць яе, усё трэба адключаць. Але гэта павінна быць усё зроблена хутка, дакладна не тры дні гэта ўсё трымаць.

Паломка, якая прывяла да абязводжвання раёна, ужо папраўленая — але "Мінскводаканал" заявіў, што перад тым, як даць Новай Баравой вады, павінен дачакацца вынікаў проб з лабараторыі.

Новая Баравая — раён пратэставы. Сілавікі ездзяць туды як на працу, хоць займаюцца ў асноўным тым, што здзіраюць плакаты са сцен і не падпускаюць мясцовых жыхароў да супрацоўнікаў МНС, якія здымаюць з вышыні БЧБ-сцягі. Таму сярод мінчукоў папулярная версія, што ўсё, што адбываецца, — своеасаблівая помста. Утаймаванне наравістых.

Так можна "выхоўваць" кожны раён Мінска?

— Засаўкі знаходзяцца ў калодзежах. Не ў кожным, але ў калодзежах знаходзяцца. Як засаўка наогул можа быць зламаная? Калі толькі хтосьці залез у камеру, — працягвае наш суразмоўнік. — Заглушку можна перакрыць. Калі яе перакрылі, то вады, адпаведна, няма.

Камунальныя калодзежы, у якіх знаходзяцца засаўкі, не ахоўваюцца.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што калі засаўку не могуць адрамантаваць тры дні, то гэта выглядае як мінімум дзіўна?

— Так, — лічыць інжынер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі