Вы тут

Палітвязнем прызналі мінчука, якога пераследуюць за надпіс "Не забудзем"

Надпіс "Не забудзем" каля народнага мемарыяла Тарайкоўскага / "Наша Ніва"

Праваабаронцы надалі Ігару Самусенку статус палітвязня і запатрабавалі яго неадкладнага вызвалення. Адпаведная заява з'явілася на праваабарончым сайце "Вясна". 

Ігар Самусенка зрабіў надпіс "Не забудзем" недалёка ад месца забойства Аляксандра Тарайкоўскага (паблізу станцыі метро "Пушкінская" ў Мінску). Яму выставілі абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 339 (хуліганства) і ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці, здзейсненае грамадска небяспечным спосабам ці якое пацягнула прычынне шкоды ў буйным памеры).

На гэта праваабаронцы заяўляюць:

"Напісанне на асфальце надпісу “Не забудзем” не з’яўляецца праявай хуліганства.

Змест надпісу, месца, у якім ён быў зроблены (месца забойства супрацоўнікамі міліцыі дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага), у кантэксце грамадска-палітычных падзеяў і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх трох месяцаў, сведчаць аб тым, што матывам яго нанясення было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы".

На іх думку, такое выказванне Самусенкі трапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з выстаўленымі абвінавачваннямі.

Праваабаронцы падкрээсліваюць, што Самусенка не пасягаў на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчыў іх. У надпісе няма нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці.

"Надпіс “Не забудзем” на асфальце тратуара не мог прывесці да значнага пашкоджання ці знішчэння дарожнага пакрыцця, і матэрыяльная шкода ад такога надпісу відавочна насіла сімвалічны характар", — канстатуюць яны.

Праваабаронцы лічаць, што памер матэрыяльнай шкоды быў штучна завышаны, каб абвінаваціць Самусенку ў наўмысным пашкоджанні маёмасці ў буйным памеры. За гэта яму пагражае да 10 гадоў пазбалення волі.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць Самусенку і спыніць яго крымінальны пераслед, а атксама вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва”, Беларускі Дакументацыйны цэнтр, Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права", простае таварыства "Ініцыятыва FORB", Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве 'Х'юман Канстанта", Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", РГА "Прававая ініцыятыва”.

Агулам у Беларусі прызналі палітвязнямі ўжо 144 чалавек, поўны спіс можна пабачыць тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.