Палітолаг: Што б апазіцыя ні рабіла, яна не “абудзіць” грамадства

Паводле апытання НІСЭПД за прыхільнікў Лукашэнкі гатовая галасаваць траціна апытаных, за праціўнікаў Лукашэнкі – 23,1% і яшчэ траціна гатовая галасаваць за кагосьці іншага.

120403 NikalyukS.mp3

Еўрарадыё: Як вы можаце пракаментаваць вынікі апытання?


Сяргей Нікалюк: Аналізуючы электаральную актыўнасць беларусаў, трэба адзначыць два фактары. Першы – фундаментальны, звязаны са структурай беларускага грамадства. Справа ў тым, што у большасці беларусаў (каля 60 адсоткаў) дабрабыт залежыць ад дзяржаўнай падтрымкі. Гэта пераважна бюджэтнікі, людзі старэйшага ўзросту, з нізкім узроўнем адукацыі. Гэтыя людзі і ствараюць патэнцыйную базу для аўтарытарнай патэрналісцкай улады. Гэтая група ў гісторыі сучаснай Беларусі застаецца ўстойлівай, бо доля прыватнага сектара не змяняецца ў беларускай эканоміцы. Другая прычына, што ўплывае на галасаванне беларусаў – цяперашні стан эканомікі, ўзровень даходаў. Гэты паказчык можа вагацца. Калі параўноўваць 2012 год з 2008, асабліва з першай яго паловай, калі яшчэ не пачаўся сусветны эканамічны крызіс, стан беларускай эканомікі быў значна лепшым, адбываўся рост даходаў. А людзі рэагуюць на слова “Лукашэнка” – калі стан эканомікі пагаршаецца, то і яго рэйтынг падае.


Еўрарадыё: Але ажно траціна хоча галасаваць не за прыхільнікаў Лукашэнкі і не за яго праціўнікаў. Чаму ў апазіцыі не атрымліваецца схіліць на свой бок гэтую частку электарату?


Сяргей Нікалюк: Я не надаваў бы вялікага значэння гэтаму радку. Так бывае заўсёды, калі да выбараў яшчэ далёка і ўлада яшчэ не правяла мабілізацыю. А мабілізацыя складаецца з двух частак – падвышэння даходаў насельніцтва і магутнай інфармацыйнай кампаніі. Але такія магутныя кампаніі праводзяцца толькі перад прэзідэнцкімі выбарамі, таму на прэзідэнцкія выбары ў нас заўжды дастаткова высокая яўка, каля 90%. На парламенцкія выбары ўзровень яўкі ў раёне 60%. Большасць беларусаў жыве паўсядзённым жыццём і палітыкай не цікавіцца. Гэта прыкладна тое ж пытанне, як калі мы абіраем сабе партнёра для жыцця, калі мы абстрактна малюем яго сабе – у нас няма праблем. Абстрактнага кандыдата, за якога я прагаласую, я ўяўляю. А як толькі справа даходзіць да рэальнага кандыдата, ён мае шмат недахопаў. Калі падае рэйтынг Лукашэнкі – 50-60% гатовыя галасаваць за кагосьці іншага. Але галоўнае, каб гэты іншы быў абстрактным. У кожнага гэты іншы свой. Таму падзенне рэйтынгу Лукашэнкі ніколі не прыводзіць да росту рэйтынгу апазіцыі.


Еўрарадыё: Ці ёсць у гэтым памылка апазіцыі?


Сяргей Нікалюк: Як я ўжо казаў, большая частка беларусаў залежыць ад дзяржаўнай падтрымкі. А апазіцыя ў нас дэмакратычная. Таму яна выходзіць з дэмакратычнымі лозунгамі і кажа, напрыклад, “мы дадзім вам свабоду”. А навошта ім свабода, людзям, у якіх няма рэсурсаў і якія ва ўмовах свабоды, у тым ліку эканамічнай, проста не выжывуць? Што такое Лукашэнка ў 1994 годзе? Гэта страх большасці беларусаў перад рынкам і дэмакратыяй. І яны знайшлі таго, хто іх абароніць ад рынку і дэмакратыі.
Еўрарадыё: Але на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах мы не шмат чулі пра рынкавыя рэформы. Затое мы чулі пра мегальготныя крэдыты ды пра іншыя сацыяльныя рэчы.
Сяргей Нікалюк: То бок апазіцыя спрабуе заваяваць гэтую частку электарату, пераплюнуўшы Лукашэнку. На сённяшні дзень гэта не атрымаецца. Месца патэрналісцкага лідара занятае. Прычым лідара рэальнага, які не проста гаворыць, але перакідае рэсурсы мільярдамі долараў, павышае пенсіі і г.д. Пакуль гэтае месца не вызваліцца – у першую чаргу ў галовах людзей – іншай такой фігуры не з’явіцца.

Еўрарадыё: Іншы момант гэтага даследавання – пытанне байкоту. Пераважная большасць нічога пра яго не чула. Наколькі ў беларускай рэчаіснасці рэальна правесці байкот выбараў?


Сяргей Нікалюк: Беларускае грамадства можа знаходзіцца ў двух станах – сонным і ўзбуджаным. Пераважна яно знаходзіцца ў сонным стане, ва ўзбуджаным на працягу дваццатага стагоддзя яно было толькі двойчы – у 1917 годзе і ў 1994. Калі грамадства спіць, магчымасці ў апазіцыі паўплываць на яго блізкія да нуля. Я не памятаю выпадку, каб НІСЭПД зарэгістравала нейкую мэтанакіраваную дзейнасць апазіцыі, якая прывяла б да зменаў у грамадстве.

Еўрарадыё: Гэта праблема апазіцыі? Яна штосьці робіць не так?

Сяргей Нікалюк: Сёння гэта праблема грамадства. Прывяду прыклад Расіі, дзе тыя ж праблемы. Апошні раз масавыя акцыі там былі ў 1993 годзе. І раптам у снежні выходзіць 100 тысяч на мітынг. Але ж там апазіцыя рэгулярна заклікае людзей на мітынгі і пры тым нават у Маскве збірала ўсяго па некалькі соцень чалавек. Гэты выбуховы эфект не можа быць выкліканы высілкамі апазіцыі, што б яны ні рабілі.


Еўрарадыё: А чым гэты эфект можа быць выкліканы?


Сяргей Нікалюк: У нас не людзі выходзяць на плошчу і разгойдваюць уладу. У нас спачатку разгойдваецца ўлада, а потым людзі выходзяць на плошчу. Чаму на пачатку 90-х гадоў ва ўсіх буйных гарадах СССР сотні тысяч выйшлі на плошчы? Бо пачала распадацца ўлада. Справа ў тым, што ў нас няма грамадства ў заходнім сэнсе слова. Няма грамадства, звязанага гарызантальнымі сувязямі. У нас людзі калі і аб’яднаныя, то аб’яднаныя вертыкаллю ўлады. Калі вертыкаль улады пачынае распадацца, людзі адчуваюць хаос. Тады яны выходзяць на плошчу, і найчасцей дзеля таго, каб вярнуць гэтую вертыкаль улады.


Еўрарадыё: Якой у такім разе павінна быць стратэгія апазіцыі на праламенцкіх выбарах?

Сяргей Нікалюк: Я ўжо неаднаразова выказваў сваё меркаванне. Па-першае, не трэба ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах. Парламенцкія выбары – гэта мерапрыемства, звязанае з легітымізацыяй улады. Да самой улады, да падзелу ўлады яно не мае аніякага дачынення. Па нашай канстытуцыі, па вялікім  рахунку, парламент не з’яўляецца органам улады. Нават калі апазіцыянеры зоймуць там усе месцы, нічога не зменіцца апроч таго, што Лукашэнка будзе мець нагоду гаварыць, што маўляў яны не даюць мне працаваць. Вось нядаўна былі прынятыя важныя рашэнні па пенсійнай сістэме. Лукашэнка пра іх абвясціў і праз тры дні падпісаў указ. Пры чым тут парламент? А гэта ж найважнейшае пытанне жыцця грамадства.


Што магла б зрабіць апазіцыя? Калі яна кажа правільныя словы, нам важныя не толькі гэтыя словы, але і давер да людзей, што гэтыя словы будуць здзейсненыя. Да гэтага часу ўсе выбары ішлі пад дыктоўку ўлады. Сёння, мне падаецца, апазіцыя можа ўнесці нейкі свой голас і паставіць мэтай не ўдзел у выбарах, а кантроль за яўкай. Справа ў тым, што яўка лёгка кантралюецца. І праз кантроль за яўкай можна паказаць, як улада нас падманвае. А ўлада не можа паказаць нізкую яўку, бо для яе гэта важна, гэта разбурыць яе асноўны міф, міф пра адзінства беларускага народу. Чаму ўлада афіцыйна лічыць апазіцыю пятай калонай? Бо ў нас адзіны народ, а вы, апазіцыя, каго вы прадстаўляеце? Усе людзі аб’яднаныя вакол улады, вакол Лукашэнкі. Улада адносна беларускага грамадства праводзіць ідэалогію “вас няма”, вас – гэта апазіцыйнай часткі грамадства. А апазіцыйная частка грамадства – гэта каля 30 адсоткаў. Таму сёння, калі грамадства спіць, апазіцыя павінна праводзіць працу пад лозунгам “Мы ёсць”. Мы – гэта не апазіцыя як партыя, а апазіцыйная частка грамадства. З тых, хто сам сябе лічыць апазіцыяй, сёння толькі трэцяя частка давярае партыйнай апазіцыі. То бок не мае сэнсу змагацца за большасць, калі і ў меншасці толькі трэцяя частка падтрымлівае апазіцыю. Ёсць прыгожы выраз: спачатку трэба выйсці з апазіцыйнага гета. Хлопцы, давайце спачатку ўнутры апазіцыйнага гета станем аўтарытэтам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі