Палітолаг: "Расія ўжо ўключаная ў непасрэднае кіраванне Беларуссю"

Палітолаг Валерыя Касцюгова
Палітолаг Валерыя Касцюгова

3 чэрвеня ЗША аднавілі санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Адначасова чацвёрты і нават пяты пакеты санкцый рыхтуе Еўрасаюз. У гэты ж час Крэмль заяўляе, што дарожныя карты па паглыбленні інтэграцыі гатовыя ўсе, акрамя адной, а ў самой Беларусі налічваецца 472 палітвязні.

Ці можна санкцыямі дамагчыся вызвалення палітвязняў? Да чаго можа прывесці спыненне адносінаў паміж Мінскам і Захадам і чаго чакаць беларусам ад сустрэчы Байдэна з Пуціным? Ці справакуе разлад з Захадам імклівае паглыбленне інтэграцыі Беларусі з Расіяй? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае палітолаг Валерыя Касцюгова.

"Захад клапоціцца перш за ўсё пра грамадзян ЕС"

— Захад уводзіць санкцыі не дзеля нас з вамі, а каб ізаляваць сябе ад Лукашэнкі і паказаць іншым гульцам міжнароднай палітыкі, што такія паводзіны непрымальныя. Безумоўна, Захад умее лічыць грошы. Але базавае для іх пытанне — бяспека: калі ты мёртвы, грошы ўжо не прынясуць карысці. У папярэдні перыяд, пачынаючы з 2013 года, Захад умацоўваў адносіны з Беларуссю, таму што гэта падвышала бяспеку і давала магчымасць зарабляць.

Я не думаю, што нават сама дзяржаўная прапаганда верыць, што санкцыямі Захад спадзяецца паставіць рэжым на калені. У першую чаргу пагаршэнне палітычнага крызісу ў Беларусі пагражае бяспецы ў Еўропе і ва ўсім свеце. Захад клапоціцца перш за ўсё пра грамадзян ЕС: бо ўлады адказныя перад сваімі выбаршчыкамі, а не перад беларусамі. Але пры гэтым Захад гатовы прымаць уцекачоў з Беларусі, дапамагаць фінансава.

"Гэтым разам улада нічога не хоча паказаць"

— Калі рэжым пачынае выпускаць палітычных вязняў, ён дае вонкавым назіральнікам сігнал: выглядае на тое, што з гэтымі людзьмі можна пра што-небудзь размаўляць. Для знешніх назіральнікаў механізм можа здавацца іншым: спачатку размаўляюць, а потым выпускаюць палітзэкаў.

Гэтым разам улада нічога не хоча паказаць. Выглядае на тое, яны па-ранейшаму лічаць рызыкі надзвычай высокімі і робяць захады з вялікім запасам застрашвання. Ва ўлады ёсць падставы меркаваць, што дастаткова аслабіць атмасферу жаху — і людзі зноў выкажуць сваю нязгоду. Пратэст дамогся пэўных поспехаў: перанос выбараў, прыняцце Канстытуцыі — палітычныя інстытуты пачынаюць мяняцца. Свет палітыкі і вялікіх сацыяльных працэсаў не прадугледжвае імгненнага пераключэння.

Беларуская ўлада гаворыць не саромеючыся: Захад вядзе з намі вайну. Таму ўлада вырашыла, што ўсе затрыманыя і збітыя — агенты Захаду, вартыя такога стаўлення. Як можна пасля гэтага разлічваць на нармальныя адносіны з Захадам? Што да магчымых правакацый Масквы на абвастрэнне канфрантацыі, то ва ўрадзе ўсе паўналетнія і адказваюць за свае дзеянні.

"Расіі цяпер танней падтрымліваць крызісную Беларусь"

— Пратэст у Беларусі быў настолькі маштабны, што рэсурсаў дзяржавы для задушэння не хапіла, давялося звяртацца па дапамогу да Расіі. З тых часоў Расія атрымлівае ўсё больш рычагоў уздзеяння і ўмацоўваецца ў Беларусі, прыкрываючы эканамічныя правалы беларускага ўрада, непазбежныя пры такіх маштабных рэпрэсіях. Пры гэтым Расіі цяпер танней падтрымліваць крызісную Беларусь.

Варыянтаў на будучыню Беларусі ў Расіі шмат, яны адпрацоўваюцца адначасова. У нейкім сэнсе Расія ўжо ўключаная ў непасрэднае кіраванне Беларуссю, даючы ёй рэсурсы: у тым ліку людскія. Фактычна ведамствы праводзяць рэгулярныя нарады ў саюзным фармаце, распрацоўваюцца саюзныя праграмы.

"Не так шмат людзей у Беларусі апроч Лукашэнкі, на якіх Расія можа ўплываць так моцна"

— Калі беларускі ўрад будзе незгаворлівым, Расія можа сама змякчыць стасункі з Захадам і пакінуць Беларусь у стане канфрантацыі, за якім адбудзецца спаўзанне да ўзроўню ДНР/ЛНР. Запрашаючы адтуль "юрыстаў", Лукашэнка занадта спяшаецца паставіць сябе на адну дошку з гэтымі ўтварэннямі.

Расія дзейнічае метадамі СССР, ствараючы ля сваіх межаў "шэрыя зоны" (ДНР/ЛНР, Прыднястроўе, Абхазія і Паўднёвая Асеція) і выкарыстоўваючы іх як элемент шантажу. Знешняя палітыка Беларусі шмат у чым будуецца на гэтых самых алгарытмах. Расіі важна захоўваць кантроль над Беларуссю. Не так шмат людзей у Беларусі апроч Лукашэнкі, на якіх Расія можа ўплываць так моцна. У выпадку палітычнай рэформы ў Беларусі ўплыў Расіі будзе не такі моцны, але затое больш доўгатэрміновы. А вось на ператварэнне Беларусі ў ДНР/ЛНР няма ні найменшай волі палітычнай эліты Беларусі.

"Задача ў канстытуцыйнай рэформы — пазбавіцца ад выбаршчыкаў"

— Улада кажа, што Канстытуцыя ідэальная. Але выглядае на тое, што на рэферэндуме ўсё-ткі вырашана ўводзіць нейкія змены. Задача ў канстытуцыйнай рэформы — пазбавіцца ад выбаршчыкаў, а ўсе органы дзяржаўнай улады збіраць праз Усебеларускі народны сход.

Хутчэй за ўсё, улада правядзе рэферэндум раптоўна і будзе тыпова імкнуцца да паніжэння яўкі. У 2020 годзе масавая яўка перашкодзіла бязбольна перайсці з аднаго стану ў другі. Найлепшыя людзі для беларускай дзяржавы — лаяльныя.

"Калі ў Беларусі разаўецца грамадзянская супольнасць і расквітнее бізнес, Расія здыме з гэтага вяршкі"

— Калі Байдэн і Пуцін абмяркуюць Беларусь і нават да чаго-небудзь дагаворацца — нам гэта ўсё роўна нічога добрага не прынясе. Фактычна Крэмль пакуль не дамогся ў Беларусі нічога: крызіс нарастае, Саюзнай дзяржавы няма. Дый у знешняй палітыцы Расія кажа: мы тут ні пры чым, што мы можам зрабіць?

Расія ў такім становішчы ў Беларусі, што выйграе пры любым развіцці падзей, у Расіі дамінантны ўплыў. Калі ў Беларусі разаўецца грамадзянская супольнасць і расквітнее бізнес, Расія здыме з гэтага вяршкі. Калі ў Беларусі будуць разруха, голад і холад, Расія скарыстаецца намі як нажом пры горле ЕС: самі ствараем крызіс у Беларусі і самі ж яго развязваем. Нават калі да ўлады ў Беларусі прыйдуць праеўрапейскія палітыкі, Расія заробіць у гэтым выпадку, несучы толькі іміджавыя страты.

"Усё залежыць ад паводзін беларусаў"

— Беларусы дамагліся вельмі многага, але рэжым аказаўся гатовы плаціць фактычна будучыняй краіны за дзяржаву і дзяржаўнасць, не кажучы ўжо пра жыццё людзей, за тое, каб проста захоўваць становішча. Невядома, наколькі ва ўлады хопіць рэсурсаў на гэта.

Складана сказаць, які ў беларускай улады запас трываласці пры ўмове ад'езду з краіны высакакласных спецыялістаў. Непазбежны вынік бягучай сітуацыі — паніжэнне ўзроўню жыцця, скарачэнне бізнесаў. Людзі прывыкаюць да кожнага ўзроўню паніжэння. Але хіба людзі з урада яшчэ год таму меркавалі, што ім давядзецца хадзіць і расказваць, як добра, што міліцыя б'е беларусаў, а ЕС называць фашыстоўскай дэмакратыяй? Усё залежыць ад паводзін беларусаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі