Палітолаг: Аляксандр Лукашэнка амаладзіў Савет міністраў

26 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прызначыў адразу чатырох новых міністраў. Новыя кіраўнікі цяпер у Мінпраму, Мінтрансу, Мінспорту і Мінпрыроды. Таксама кадравыя перастаноўкі адбудуцца ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, адкуль прэзідэнт забраў намесніка міністра.

Палітолаг Святлана Навумава мяркуе, што гэтыя перастаноўкі ў беларускім урадзе — частка паслядоўных намаганняў Аляксандра Лукашэнкі па амаладжэнні сваёй каманды:

Святлана Навумава: “Наколькі я разумею, ён вядзе паслядоўную палітыку абнаўлення сваёй каманды. Прыводзіць новае пакаленне менеджэраў у кіраўніцтва”.

Новы міністр прамысловасці Беларусі Аляксандр Радзевіч нарадзіўся ў 1957 годзе. Ён на 6 гадоў маладзейшы за Анатоля Русецкага, якога замяніў. Новы міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба нарадзіўся ў 1956 годзе і на 2 гады маладзейшы за папярэдняга міністра Ўладзіміра Сасноўскага.

Новы міністр спорту і турызму Алег Качан нашмат маладзейшы за Аляксандра Грыгарава, што нарадзіўся аж у 1948 годзе. І нават новы міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко, які нарадзіўся ў 1952 годзе, на 1 год маладзейшы за былога міністра Лявонція Харужыка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі