Паліцыя Польшчы: пры спробе прарыву мяжы супраць мігрантаў ужываўся пярцовы газ

Паліцыя Польшчы: пры спробе прарыву мяжы супраць мігрантаў ужываўся пярцовы газ

Каб спыніць мігрантаў, якія 16 лістапада спрабавалі прарвацца праз мяжу ў пункце пропуску "Брузгі", польская паліцыя выкарыстоўвала ў тым ліку пярцовы газ. Пра гэта беларускім журналістам распавялі ў прэс-службе ваяводскага каменданта паліцыі ў Беластоку. 

Прэс-сакратар ваяводскага каменданта паліцыі ў Беластоку Томаш Крупа назваў гэтую меру "адэкватным сродкам прамога прымусу". У польскай паліцыі дадалі, што ўпэўненыя: дзеянні мігрантаў кантраляваліся і накіроўваліся беларускімі сілавікамі.

Падчас штурму памежнага пункту ў Брузгах 16 лістапада былі параненыя дзевяць супрацоўнікаў польскай паліцыі (раней паведамлялася пра сем пацярпелых). Асноўныя траўмы — гэта сінякі і рассечаная скура ад кінутых камянёў. Па словах Крупы, усе пацярпелыя паліцыянты ўжо вярнуліся да нясення службы.

Следчы камітэт Беларусі пачаў сваю крымінальную справу па падзеях на мяжы. Там ва ўсім вінавацяць польскі бок. Пацярпелымі прызнаныя 65 чалавек. Сярод іх два беларускія журналісты, адзін расійскі, а астатнія — грамадзяне Ірака.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі