Вы тут

Палачане скардзяцца на незачыненыя калодзежы. Нядаўна ў такім загінула дзіця

У гэтым калодзежы загінуў 8-гадовы хлопчык / СК

9 лістапада Следчы камітэт паведаміў пра гібель васьмігадовага хлопчыка з Полацка: цела дзіцяці знайшлі ў незачыненым ліўневым калодзежы. Палачане расказваюць Еўрарадыё, што такіх небяспечных калодзежаў у горадзе шмат, а камунальныя службы на праблему не рэагуюць.

— У нашым раёне ўсе калодзежы не зачыненыя, а ў кожнай сям'і — дзеці. Мы звярталіся некалькі разоў у службу 115, але ў выніку — адны абяцанні, — расказвае пра праблему жыхар Полацка і дэманструе фатаграфіі як мінімум сямі адчыненых ліўневых калодзежаў на вуліцах Межавой, Экіманьскай і Падворнай.

— Трэба бел-чырвона-белыя сцягі маляваць на дрэнных дарогах, забітых фасадах, зламаных люках — тады хутка звернуць увагу, — іранізуе палачанін.

Аналагічная сітуацыя ў суседнім Наваполацку. Дзіця Анастасіі 5 лістапада ледзь не звалілася ў ліўневы калодзеж у гарадскім парку культуры і адпачынку. Дзяўчына звярнулася ў службу 115, але калодзеж прыкрылі паддонам толькі часткова. Сям'я напісала заяву ў пракуратуру.

Так прыкрылі калодзеж у Наваполацку / gorod214

Учора памочнік пракурора Полацкага раёна Вікторыя Гаралевіч паведаміла, што пракуратура пачынае праверку "па выяўленні аб'ектаў, небяспечных для жыцця і здароўя грамадзян". Гаворка ідзе пра аварыйныя будынкі, незачыненыя ліўневыя калодзежы і люкі, незачыненыя паддашкавыя памяшканні, незавершаныя будаўнічыя аб'екты і гэтак далей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.