Пакупнік адсудзіў у крамы 36 тысяч рублёў за… платныя пакеты

Жыхар Магілёва выйграў суд супраць мясцовай крамы. Максім Кандраценка патрабаваў вярнуць яму 18 тысяч рублёў, якія ён патраціў на “бясплатныя” поліэтыленавыя пакеты, калі набываў прадукты. Акрамя таго, хлопец патрабаваў спагнаць з гандлёвай сеткі 2 мільёны рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Ленінскі раённы суд горада стаў на бок пакупніка і часткова задаволіў пазоў. У выніку Кандраценка атрымаў кампенсацыю ў 18 тысяч рублёў. Яшчэ столькі ж суддзя пастанавіла выплаціць яму ў якасці маральнай кампенсацыі. Апроч таго, крама заплаціць 540 тысяч судовых выдаткаў.

Максім Кандраценка кажа, што адстойваў свае грамадзянскія правы, якія яму гарантуе ўрадавая пастанова №703 ад ліпеня 2014-га, паводле якой усе ўпаковачныя пакецікі ў крамах павінны быць бясплатнымі.

Кандраценка: "Выйшла пастанова Савета міністраў. Я вырашыў праверыць, ці працуе яна. Хоць з моманту ўступлення пастановы ў законную сілу прайшло паўгода, у крамах пакецікі былі платныя. Я пацікавіўся ў прадаўцоў, ці знаёмыя яны з гэтай пастановай, ці працуюць яны ў адпаведнасці з ёй. У выніку прадаўцы сказалі, што не знаёмыя. Кіраўніцтва іх ні з чым не азнаямляла".

Хлопец гаворыць, што для яго ў гэтай справе галоўнымі былі не грошы, а справа прынцыпу. Чаму ён мусіць плаціць за тое, што павінна быць у крамах бясплатным? Ён спадзяецца на тое, што яго судовы працэс атрымае рэзананс.

Юрыст незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Аляксандр Хамратаў, які дапамагаў у складанні пазову Максіму Кандраценку, адзначае, што пастанову Саўміна ў Магілёве выконваюць далёка не ўсе прадаўцы.

"Але ў некаторых гандлёвых цэнтрах з гэтым праблем няма. Бясплатнай павінна быць упакоўка тавару, які не мае самастойнай упакоўкі. Напрыклад, гэта садавіна, некаторыя харчовыя прадукты, хлеб, рыба і г.д. То бок усё, што трэба ў нешта завярнуць альбо ўпакаваць".

Хамратаў адзначае, што судовае рашэнне станоўчае, але маральная кампенсацыя вельмі малая. Суддзя палічыла, што яна не павінна перавышаць памер матэрыяльнай. Гэты момант Максім Кандраценка пры дапамозе Аляксандра Хамратава збіраецца абскардзіць у касацыйным парадку.

ДАВЕДКА:

Паводле п. 25 пастановы Савета міністраў №703 ад 22 ліпеня 2014 года, прадавец абавязаны перадаць пакупніку тавары належнай якасці ў тары альбо ўпакоўцы, за выключэннем тавараў, якія па сваім характары не патрабуюць змяшчэння ў тару альбо ўпакоўку.

Тавары перадаюцца пакупніку ва ўпакаваным выглядзе без спагнання за ўпакоўку дадатковай платы. Від упакоўкі вызначаецца прадаўцом. Выключэнне складаюць упакоўкі тартоў, набораў пірожных, напіткаў, якія прадаюцца ў разліў і кошт якіх уключаецца ў рознічны кошт тавараў.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі