Паказанні сведак сутычкі з АМАП на пляжы і версія міліцыі разыходзяцца

8 жніўня на пляжы Мінскага мора адбылася сутычка адпачываючых з супрацоўнікамі АМАП. Міліцыянты спрабавалі скласці пратакол на жанчыну, якая па іх версіі загарала топлес. Але людзі, якія адпачывалі побач, за яе заступіліся. У выніку дваіх чалавек з пляжа забрала хуткая, а яшчэ некалькі апынуліся ў пастарунку. Па словах праваахоўнікаў, АМАП дзейнічаў без перавышэння паўнамоцтваў. Але відэа патасоўкі, якое з’явілася ў інтэрнэце на наступны дзень, ставіць гэта сцвярджэнне пад пытанне.

“Недалёка ад нас, можа, у метрах пяці загарала жанчына топлес, прычым, яна ўвесь час ляжала выключна на жываце. У пэўны момант да яе падышлі два АМАПаўцы, — распавядае Павел, які назіраў за ўсім ад самага пачатку, і просіць дазволу працытаваць словы міліцыянтаў без цэнзуры. — Яны ў грубай форме кажуць: Чуеш, ты! Табе, нах.. дзве хвіліны, каб ты сабралася і зрыгнула адсюль!”, — менавіта такімі ж словамі АМАПаўца цытуюць і іншыя сведкі. — Уявіце, гэта размовы нашых праваахоўнікаў з людзьмі! Я адразу ж падняўся і падышоў туды. АМАПаваец мяне адштурхоўвае і кажа: “З’я…аў нах..! Што ты тут робіш?”.

Павел кажа, што патрабаваў ад супрацоўнікаў міліцыі прадставіцца, паказаць пасведчанні, патлумачыць, за што забіраюць жанчыну. У адказ нібыта сыпалася выключна нецэнзурная лаянка. Цікава, што ў момант, калі АМАП падышоў да жанчыны, яна ўжо не была напаўаголенай. Праўда, сведкі дакладна не ведаюць, апранулася яна загадзя, ці калі пабачыла праваахоўнікаў.

“З сяржантам А., які ў грубай форме звярнуўся да гэтай жанчыны, я ўжо мела кантакт — кажа яшчэ адна сведка падзеяў Ганна, якая акурат выходзіла з вады, калі пачынаўся канфлікт, і ў выніку трапіла ў бальніцу. Жанчына ледзь знаходзіць час для размовы паміж аперацыямі. Яна медык і апошнія дні загружаная працай настолькі, што не паспявае зняць пабоі. — Я ведаю, што ён ніколі ні з кім не цырымоніцца, ніколі не размаўляе карэктна. І нядаўна са мной адбыўся выпадак, калі ён мне проста падкінуў чужую пластыкавую бутэльку з незразумелай вадкасцю і сцвярджаў, што гэта спіртное. Я прасіла правесці экспертызу, але ён вырашыў, што здольны ўсё вызначыць проста на пах. Ды і бутэлька ўвогуле не мая, таму ёсць шмат сведкаў. Але я гэтак жа нічога не даказала, мяне правялі ў пастарунак і склалі пратакол”.

Цяпер Ганна аспрэчвае гэты пратакол, яна падала адпаведную скаргу ў Мінскае РАУС, якому падначальваецца Ждановіцкі аддзел міліцыі. Сяржанта А. добра ведаюць усе сталыя наведвальнікі гэтага пляжа. Больш за тое, гэты праваахоўнік у 2011 годзе ўжо прайграў суд за неправамернае затрыманне.

“Шчыра кажучы, я баюся гэтага чалавека, баюся, што ён мне што-небудзь падкіне, ― працягвае Ганна. ― Ён прадузята да мяне ставіцца”.

Муж Ганны Валерый знаходзіўся даволі далёка ад падзеяў, у мужчыны зламаная нага і ён быў на мыліцах. Бліжэй ён падышоў толькі, калі іншыя адпачываючыя паведамілі яму, што Ганну таксама забіраюць.

“Натуральна, я сказаў, што я муж гэтай жанчыны, папрасіў прадставіцца і спытаўся, за што яе забіраюць, — узгадвае Валерый. — Так працягвалася некаторы час. Потым да мяне ўвогуле павярнуліся спінай са словамі: "Ты, відаць, надта разумны, зараз таксама паедзеш у камеру!”. А яшчэ праз некаторы час я, відаць, настолькі моцна надакучыў АМАПаўцу сваімі пытаннямі, што ён збіў мяне з ног”.

Жонка Валерыя кінулася да яго. Але той жа АМАПавец кулаком у твар збіў з ног і яе. У выніку Ганну закавалі ў наручнікі і пачалі цягаць па пяску. Тым часам на пляжы з’явілася яшчэ тры прадстаўнікі АМАП, якія рассунулі натоўп і пачалі забіраць самых актыўных.

“Народ крыху разышоўся, але я стаяла, усё роўна здымала, — пацвярджае ўсё сказанае яшчэ адна сведка Таццяна. — У выніку АМАП мне сказаў прыбраць тэлефон і стаць да дрэва, бо я таксама затрыманая. Маўляў, за тое, што нібыта таксама ўмяшалася. Вось і ўсё. Нас там пратрымалі… піць не давалі, нічога не давалі…”

Паўла таксама забралі за тое, што ён здымаў усё на камеру. Па дарозе і ў самім пастарунку ўсё той жа АМАПавец, па словах затрыманых, працягваў абражаць, пагражаць “самай смярдзючай камерай, што за год не адмыюцца, што напіша ў пратаколе “рукапрыкладства”, давядзецца прадаць кватэру, каб аплаціць адвакатаў” і гэтак далей.

“Яго нават пачуў начальнік праз адкрытае вакно, — кажа Павел. — Капітан яму патэлефанаваў, каб той збавіў абароты. На што сяржант А. папрасіў свайго напарніка закрыць вакно, каб ніхто не чуў”.

Выратаваў затрыманых прыход лейтэнанта міліцыі. Ён папрасіў затрыманых выдаліць усё відэа з тэлефонаў ды фотаапаратаў, “каб не паляцелі пагоны”. Але перад гэтым перапісаў некаторыя кадры сабе. Пасля ўсіх адпусцілі, нават не складаючы пратаколаў.

Валерый і Ганна, як медыкі, яшчэ на пляжы запатрабавалі хуткую, бо адчувалі сябе дрэнна. Па іх словах, у бальніцы засведчылі, што яны не ўжывала алкаголь і зафіксавала пабоі.

У мяне эпікрыз на руках. На жаль, не атрымалася зняць суправаджальны ліст хуткай, дзе былі зафіксаваныя гематомы ад наручнікаў. Для гэтага патрэбны начмед, а начмед паехала ва ўпраўленне, — зачытвае толькі што атрыманы дакумент Ганна. — Дыягназ такі, цытую: саматаформная дысфункцыя вегетатыўнай нервовай сістэмы, удар твару і валасістай часткі галавы злева”.

Калі дзяўчыне палепшала, яна папрасіла выпіскі, бо дома засталося непаўналетняе дзіця.

Цяпер сямейная пара разам з юрыстам рыхтуе новую скаргу, гэтым разам ужо ў пракуратуру. Днямі плануюць яе занесці разам з даведкамі пра знятыя пабоі і эпікрызам з бальніцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі