Пакаранне 28 тысячам асуджаных могуць палегчыць?

Дэпутаты лібералізавалі крымінальнае заканадаўства. Паводле іх слоў, 77% асуджаных маглі б быць пакараныя інакш. Да 77 адсоткаў асуджаных, якія знаходзяцца за калючым дротам, маглі б быць пакараныя інакш. У асноўным гэта тыя, хто быў пакараны за злачынствы невялікай і сярэдняй цяжкасці, як правіла -- за эканамічныя злачынствы, заявіў у інтэрв’ю “Народнай газеце” старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы парламента Віктар Гумінскі.  Паводле яго слоў, цяпер у месцах пазбаўлення волі знаходзіцца крыху больш за 36,5 тысяч чалавек. Вынікае, што каля 28 тысяч чалавек маглі б быць пакараныя значна лягчэй, а некаторыя зусім “адкупіцца” штрафам і выйсці на волю.

Напрыканцы вяснова-летняй сесіі дэпутаты зрабілі крок у накірунку да лібералізацыі крымінальнага заканадаўства. Яны прынялі ў другім чытанні законапраект, згодна з якім за некаторыя злачынствы невялікай і сярэдняй цяжкасці могуць прадугледжвацца альтэрнатыўныя турэмнаму зняволенню пакаранні.

Што цяпер чакае асуджаных: ці сапраўды яны могуць разлічваць на перагляд сваіх спраў? Намеснік старшыні парламенцкай Камісіі па нацыянальнай бяспецы Ігнацій Місурагнін прапануе пачакаць, пакуль законапраект будзе прыняты вышэй.

Ігнацій Місурагін: “Я зараз не гатовы на гэтую тэму гаварыць. Закон яшчэ павінен Савет Рэспублікі разгледзіць”.

Што будзе далей са зняволенымі, якія здзейснілі злачынствы невялікай і сярэдняй цяжкасці і зараз адбываюць за іх пакаранне, не змог адказаць і начальнік Дэпартамента па выкананні пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Юрый Барынкоў.

Юрый Барынкоў: “Прымуць закон — мы будзем выконваць. А парадак выканання яны (дэпутаты і сенатары, — ЕРБ) вызначаць”.

Але зазначыў, што звычайна, калі злачынства “дэкрыміналізуецца”, то прысуд павінны пераглядаць.

Юрый Барынкоў: “Ёсць парадак: калі дэкрыміналізуецца склад злачынства — канечне, будуць пераглядаць. Гэта павінны судовыя органы пераглядаць. А ініцыятыва можа быць ад судовых органаў. Можа быць іншы парадак. Можа, дадуць, каб установы накіроўвалі прадстаўленні. Альбо сам асуджаны”.

Такім чынам, пакуль дакладна высветліць, ці выйдуць на волю тыя асуджаныя, злачынствы якіх трапляюць пад “крымінальную лібералізацыю”, невядома.

Але згодна са словамі кіраўніка Беларускага Хельсінскага камітэта Алега Гулака, ім давядзецца даседжваць свой тэрмін да канца: “лібералізацыя” крымінальнага заканадаўства, найхутчэй, закране толькі новых асуджаных.

Алег Гулак: “Новы закон практычна не змяншае санкцыі па асобных відах злачынстваў. Таму ён мала чым адаб’ецца на лёсе тых людзей, якія асуджаныя і ўжо адбываюць пакаранне. Перш за ўсё гэтыя змены тычацца працэдур, звязаных з альтэрнатыўным пакараннем, зняццем пэўных абмежаванняў для гэтага. Ізноў жа — гэта не будзе тычыцца тых людзей, якія ўжо асуджаныя. Гэта будзе распаўсюджвацца толькі на новыя прысуды, на новыя судовыя працэсы. А гэтыя людзі будуць сядзець, як і сядзелі”.

Нягледзячы на гэта, ён рады ўжо таму, што новых асуджаных па гэтых артыкулах у калоніях не з’явіцца.

Алег Гулак: “Лепш так, чым ніяк. Добра, што зараз гэта зрабілі: гэта азначае, што такая практыка не будзе пашырацца далей. У будучыні з’явіцца практыка карэктавацца ў лепшы бок. Гэта таксама добра”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі