"Падтрымліваем бестэрміновую мірную акцыю грамадзянскага непадпарадкавання"

"Падтрымліваем бестэрміновую мірную акцыю грамадзянскага непадпарадкавання"

Сябры прэзідыўму Каардынацыйнай рады Павел Латушка і Вольга Кавалькова выступілі са зваротам з нагоды інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Яны заявілі, што сёння Лукашэнка "чарговы раз напляваў" на Канстытуцыю і паказаў, што яму абыякавае меркаванне народа.

"Але ёсць і пазітыўная навіна. З сённяшняга дня Аляксандр Лукашэнка — просты грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Ён сам пазбавіў сябе ўсіх рэшткаў легітымнасці", — падкрэсліваецца ў звароце.

Латушка і Кавалькова заяўляюць, што ў грамадстве ёсць вялікі запыт на дыялог, але ўлада размаўляе толькі з пазіцыі сілы. 

"Мы падтрымліваем бестэрміновую мірную акцыю грамадзянскага непадпарадкавання, ігнараванне любых даручэнняў незаконнай улады, мірныя акцыі на вуліцах гарадоў. Мы вартыя лепшага будучага. Мы разам пабудуем Беларусь, якой будзем ганарыцца", — кажуць сябры КР.

Яны патрабуюць, каб следчыя, якія атрымалі заявы пра злачынствы супраць простых грамадзян, пачыналі крымінальныя справы. 

"Мы падтрымліваем усіх спартсменаў, якія заяўляюць аб адмове ўдзелу ў спартыўных мерапрыемстваў.

Мы падтрымліваем усіх дзеячаў культуры, якія вырашылі не прымаць удзел у публічных мерапрыемствах.

Мы заклікаем усіх сумленных журналістаў дзяржаўных СМІ заяўляць у прамых эфірах і іншымі спосабамі аб нязгодзе з незаконнай інаўгурацыяй", — гаворыцца ў звароце.

Аўтары звароту кажуць, што гатовыя неадкладна пачаць перамовы з прэм'ер-міністрам Беларусі і старшынямі камісій Палаты прадстаўнікоў наконт прызначэння даты новых выбараў і часовым кіраванні краінай на пераходны перыяд.

Яны звяртаюцца да Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Кітая, Расіі з заклікам адназначна заявіць пра нелегітымнасць Лукашэнкі і адклікаць на кансультацыі сваіх амбасадараў.

Таксама прапануецца для развязання палітычнага крызісу стварыць міжнародную групу медыятараў з прадстаўнікоў Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Расіі, ЗША ды Францыі пры падтрымцы АБСЕ.

Аўтары звароту просяць Савет ЕС на бліжэйшым пасяджэнні прыняць санкцыі супраць Лукашэнкі, а таксама асоб, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў, гвалту і фінансавання рэжыму. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі