Вы тут

Падаткі для ІП могуць сур'ёзна вырасці

Новыя правілы, прапанаваныя КДК, могуць закрануць сотні тысяч чалавек / Еўрарадыё​

Істотна павялічыць падаткі для індывідуальных прадпрымальнікаў прапануе Камітэт дзяржкантролю, спасылаючыся на адпаведную рэзалюцыю віцэ-прэм'ера Мікалая Снапкова. Ліст з канкрэтнымі прапановамі КДК адрасаваў Міністэрству фінансаў. Тэкст дакумента напярэдадні ўвечары з'явіўся ў інтэрнеце.

Такім чынам, Камітэт дзяржкантролю прапануе:

  • адмяніць адзіны падатак, а плацельшчыкаў адзінага падатку перавесці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання (ССП);
  • павысіць падатак па ССП да 16% на юрыдычныя, бухгалтарскія, маркетынгавыя, кансультацыйныя і іншыя паслугі з "нязначнымі выдаткамі";
  • увесці для індывідуальных прадпрымальнікаў плату ў 13% за зняцце наяўных звыш 3000 беларускіх рублёў у месяц (варыянт: звыш 3-х сярэдніх заробкаў па краіне);
  • павялічыць плацяжы ў ФСАН;
  • узмацніць крымінальную адказнасць за правапарушэнні ў падатковай сферы і ўвесці крымінальную адказнасці за выплаты ў канвертах і нявыплату ў ФСАН.

На думку кіраўніка Цэнтра Мізэса эканаміста Яраслава Раманчука, такое рэзкае павышэнне падатковай, рэгулятарнай, кантрольнай нагрузкі стане "смяротным ударам пад дых і без таго слабых ІП". Ён не выключае, што калі прапановы КДК будуць прынятыя, большасць ІП вымушаныя будуць "зачыніцца, распрадаць усё, што ёсць, заціхарыцца або з'ехаць".

Новыя правілы могуць закрануць, па словах эканаміста, каля 700 тысяч чалавек. Пры гэтым Раманчук не выключыў, што прапановы КДК могуць быць помстай індывідуальным прадпрымальнікам за грамадзянскую пазіцыю.

12 лютага падчас выступу на Усебеларускім народным сходзе Аляксандр Лукашэнка паабяцаў прывесці ў пачуццё "усялякіх іпэшнікаў". У якасці прыкладу такой спробы "прывесці ў пачуццё" ён прывёў рэакцыю ўладаў на установы грамадскага харчавання, якія далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі. "Я папярэдзіў Камітэт дзяржаўнага кантролю: зачыніліся — каб ні адно не адкрылася", распавёў аб сваіх падыходах Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.