Падарожжа па акварэльнай Еўропе Ігара Сухарукава

У малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава акварэлей сталічнага мастака Ігара Сухарукава.
Упершыню экспазіцыя пад назвай "Акварэль. Гарадскі пейзаж" была прадстаўлена вясной у альма-матэр аўтара — Акадэміі мастацтваў. Стварэннем работ для яе Ігар Сухарукаў займаўся больш за 10 гадоў:

Ігар Сухарукаў: "Усю маю творчую біяграфію я рыхтаваў гэтыя акварэлі. З 1997 года я пачаў рабіць першыя працы. Да гэтага часу я працаваў алеем".



Еўрарадыё пацікавілася ў мастака, як у яго атрымліваецца так дакладна перадаваць архітэктуру розных гарадоў:

"Бывае па-рознаму, — кажа Ігар. — Нешта фатаграфуецца, нешта пішу па памяці, нешта раблю па папярэдніх накідах і замалёўках".




Лёгкая, класічная, празрыстая акварэль чыстымі колерамі перадае настроі кварталаў, плошчаў, вуліц і гістарычных месцаў Віцебска, Рыгі, Вероны, Прагі, Гамбурга, Венецыі і іншых гарадоў. Але любімы горад, якому і прысвечана большасць палотнаў, — Мінск.
 
"Усё проста — я тут нарадзіўся" , — усміхаецца мастак.




Ігар Сухарукаў паспрабаваў прадставіць у сваіх творах не толькі сучасны Мінск, але і Мінск 50-х-60-х гадоў. Вось, напрыклад, праца пад назвай "Мінск 60-х", на якой мастак ажывіў традыцыйную архітэктуру 60-х гадоў рэтра-аўтамабілямі.

Ігар Сухарукаў: "Гэта карціна — мая невялікая фантазія. Я ўявіў, як гэта магло быць 50 гадоў таму".

"Мінск 60-х"


Няпростую тэхніку акварэлі мастак Ігар Сухарукаў выбраў не выпадкова:

Ігар Сухарукаў: "Акварэлістаў не так многа. Вось таму я і выбраў гэтую тэхніку, бачу ў гэтым нейкі эксклюзіў".



Па словах выкладчыка архітэктурных дысцыплін і загадчыка кафедры дызайну інтэр’ера Мінскага інстытута кіравання Анатоля Канстанціновіча, сярод архітэктараў шмат тых, хто захапляецца жывапісам. Але архітэктуру ў акварэлі ён бачыць упершыню.

Анатоль Канстанціновіч: "У архітэктурным асяроддзі чамусьці часцей пішуць пейзажы, партрэты, нацюрморты на бытавыя тэмы, а архітэктуры ў жывапісе вельмі мала.Таму ў творчасці Ігара Сяргеевіча гэты накірунак стаў для мяне прыемным адкрыццём. Я сапраўды ўбачыў архітэктуру ў гэтых акварэлях, а гэта бывае вельмі рэдка".

Анатоль Канстанціновіч




Мастак і кандыдат мастацтвазнаўства Дар’я Іваноўская лічыць, што ў Ігара Сухарукава атрымалася дасягнуць істотнай мэты — яго акварэльныя гарады сапраўды дыхаюць.

Дар'я Іваноўская: Ігара атрымалася перадаць дух кожнага горада, кожнага месца. Акварэль — вельмі складаны матэрыял. А Ігар яго адчувае, гэта вельмі рэдка. Дзіўна нават, як яму удалося так эпатызаваць Мінск. Калі Прагу прыгожай малююць — гэта выглядае натуральна, яе цяжка сапсаваць. А калі настолькі эпатызаваны Мінск, калі ты ў плынях машын бачыш нейкую паэзію і глыбіню — гэта, вядома, надзвычайна".

Дар'я Іваноўская




Як адзначае Дар’я Іваноўская, творы выставы "Акварэль. Гарадскі пейзаж" — цалкам інтэр’ерныя.

Дар'я Іваноўская: "Яны нясуць радасць. Іх смела можна вешаць дома. Гэтыя акварэлі напісаныя чыстымі, складанымі, не пошлымі колерамі. Яны сучасныя, не ўспрымаюцца проста класічнымі, і сапраўды радуюць вока."






Пакуль Ігар Сухарукаў не плануе прадстаўляць выставу  "Акварэль. Гарадскі пейзаж" па-за межамі Беларусі. Экспазіцыя працягнецца да 5-га верасня, а упадабаны твор можна будзе набыць.





Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі