Пад Полацкам знайшлі сярэднявечную прыстань і крыж вікінгаў
У вёсцы Лучна археолагі два месяцы вывучалі пляцоўку пад будучую электрастанцыю.
Двухмесячныя раскопкі ў вёсцы Лучна пад Полацкам завяршыліся знаходкамі
блізу 15 манет і варажскага крыжа. Падчас экспедыцыі археолагі адкрылі
сярэднявечную прыстань і два могільнікі розных эпох.
У
Беларусі раней знаходзілі толькі два варажскія крыжы. Адзін з іх цяпер
знаходзіцца у дзяржаўнай калекцыі, іншы – у прыватнай. Таксама сярод
знаходак пражскія грошы і дынарыі Вітаўта. Дарэчы, за адзін пражскі грош
у часы ВКЛ можна было набыць курыцу.
Сёлетнія
раскопкі самыя вялікія ў Беларусі за гэты год. Іх плошча склала 1130
квадратных метраў, распавёў Еўрарадыё кіраўнік экспедыцыі археолаг Марат
Клімаў.
Клімаў: "У гэтым годзе мы капаем феадальны
комплекс Лучна, які складаецца з некалькіх асобных комплексаў. Па
першае, гэта феадальная сядзіба, якая існавала тут з XI па XVI стагоддзе
і комплекс вясковых могілак. Таксама быў адкрыты грунтовы могільнік
XIII стагоддзя".
Жыццядзейнасць сядзібы праходзіла ў некалькі этапаў, працягвае археолаг.
Клімаў: “Комплекс
Лучна мае вялікае навуковае значэнне, бо на адным месцы мы можам
назіраць розныя этапы існавання сядзібы. Кожны з могільнікаў завяршае
пэўны этап жыцця на сядзібе. Першы этап быў завершаны на пачатку XIII
стагоддзя. Гэтаму паспрыяў пажар праз ваеннае ўварванне. Хутчэй за ўсё
тут ішлі міжусобныя войны паміж феадаламі. У XV стагоддзі пачынаецца
другі этап жыццядзейнасці сядзібы. Забудовы знаходзяцца за 2 метры ад
могілак. То бок людзі не ведалі, што жывуць поруч з пахаваннем".
Уладальнікі
сядзібы ў Лучне актыўна займаліся міжнародным гандлем. Пра гэта
сведчыць падводная прыстань, што была знойдзена ля Дзвіны побач з
археалагічным комплексам. Гэта першы выпадак у археалогіі Беларусі, калі
прыстань фіксуецца дакладна. У Дзвіне ля былой прыстані капальнікі
знайшлі колькі манет. Як сцвярджае археолаг-аматар Аляксандр Мядзельскі,
да апошняга часу ён не верыў у існаванне прыстані.
Мядзельскі: “Для
мяне вялікае дзіва, што гэта прыстань. Мне падавалася, што гэта
звычайны мыс. Першыя манеты, якія мы там знайшлі – паўгрош чаканцы
Жыгімонта Старога і пражскі грош у некалькіх метрах ад прыстані. Пікам
стала знаходка дынарыя Вітаўта, лепшага проста не магло быць".
Жыхары сядзібы былі заможныя, бо сярод знаходак трапляліся засцёжкі ад кнігаў і фрагменты рэйнскага керамічнага посуду.
Дарэчы,
раскопкі мелі аварыйны характар, бо у Лучне у хуткім часе можа пачацца
будаўніцтва Полацкай электрастанцыі. Аднак даследаванне помніка яшчэ не
завершана, адзначае Марат Клімаў:
“Яшчэ каля 2 тысяч
квадратных метраў застаюцца недаследаванымі. Мы шчыра спадзяемся, што
электрастанцыю не будуць будаваць у гэтым годзе. Тады мы зможам яшчэ
адзін сезон пакапаць у Лучне".
На раскопкі былі мабілізаваныя
значныя сілы. У розныя часы ў экспедыцыі працавала ад 30 да 100
чалавек. У ліпені тут капалі студэнты-практыканты, а ў жніўні валанцёры
Полацкага археалагічнага легіёна.
У Лучне раскопкі вядуцца з
1998 года. У 2002 годзе знайшлі скарб у 222 срэбныя манеты, а ў 1999-м –
баявы кісцень, аналагаў якому няма ў Беларусі