Пад беларускім прэсам: "Аплацілі газ малаком"

Спачатку ў Інтэрнэце і незалежных СМІ, а потым і ў афіцыйнай прэсе з’явілася інфармацыя аб дэфіцыце малака і малочных прадуктаў, які павольна, але няўхільна набліжаецца. У гэты ж час ва ўпраўленні інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і харчавання заяўляюць, што малака ў краіне дояць больш, чым калі-небудзь раней – 3248 кілаграмаў на карову. У чым жа прычына?
Інтэрнэт-выданне “Салідарнасць” піша: “Закупачныя цэны на малако ў Расіі ў паўтара-два разы вышэй, чым у Беларусі, вось калгасы ды дробныя заводы пагналі малако на Усход”.

Цікава, што напачатку дзяржаўная прэса спрабавала запэўніць чытачоў, што з малаком у краіне ўсё нармальна:

“— Качка!” — так кажа пра недахоп малака карэспандэнт “Советской Белоруссии” і працягвае: “малочнага дэфіцыту ў краіне няма і не будзе, малако, ёгурты, тварог і сыры з гандлю не знікнуць”.

Магчыма на гэтай аптымістычнай ноце “СБ” і закрыла б тэму малака, але газету вярнуцца да тэмы вымусілі чытачы. Яны абураліся і пакідалі каментары на форуме кшталту “а вы самі ў крамах бывалі?”

Таму, праз тыдзень у “Советской Белоруссии” з’яўляецца артыкул з зусім іншай афарбоўкай. Вось некаторыя цытаты з яго:

“— А дзе ў вас прылавак з сырамі? - пацікавіліся мы ў краме па вуліцы Чорнага, 18. Адказ быў нечаканым – а сыроў да нас увогуле не завозяць, ужо некалькі дзён...

Размаўляем з дырэктарам аднаго са сталічных універсамаў. Высвятляецца – днямі ён замовіў 14 скрыняў малака, а атрымаў толькі дзве.

У краме «Бульбачка» па вуліцы Сурганава ідзе выкладка тавару. Дзяўчына-прадавачка падвезла цэлую каляску “Мінскай маркі”. — У вас, відаць, з малаком праблемаў няма? – удакладнілі мы. — Што вы! Гэта цяпер атрымалі партыю. А так апошнія месяцы паўтара-два малака стала меней”

За гэтымі прыкладамі “СБ” піша і пра прычыны дэфіцыту, пра тое, што ў нашых прадпрыемстваў з’явіўся выдатны шанец зарабіць:

“Закупачная цана ў Расіі на малако ўжо складае 1250 беларускіх рублёў за кілаграм! У нас, дарэчы, 470 рублёў... Чым не спакуса для гаспадарак паправіць фінансавае становішча? Такія законы эканомікі: тавар заўсёды імкнецца туды, дзе за яго больш плацяць”

Адзначым, што зарабіла Беларусь на малацэ за 9 месяцаў гэтага года 900 мільёнаў долараў. Гэтага хопіць, каб разлічыцца за паўгода спажывання расійскага газу. Можна нават сказаць, што “малаком мы аплацілі газ”

Пытанне з дэфіцытам малака так і застаецца нявырашаным. “СБ” піша: “варыянты зноўку ставіць кардоны на мяжы альбо падвышаць закупачныя цэны – маюць свае заганы”. Але пры гэтым іншых рэцэптаў газета не прапаноўвае.

Інтэрнэт-выданне “Салідарнасць” бачыць два рашэнні:

“Першае – павялічыць закупачную цану для таго, каб было выгадна прадаваць сыравіну ўнутры краіны, а не вывозіць у Расію. Праўда, павелічэнне закупачнай цаны прывядзе да падаражання малака ў беларускіх крамах.

Другі спосаб заключаецца ў тым, каб проста забараніць вытворцам малака прадаваць яго ў Расію. Гэта вырашыць праблему загрузкі сыравінай малаказаводаў, але адаб’ецца на стане гаспадарак, якія недаатрымаюць прыбытак”.

Такім чынам, кожны з варыянтаў неідэальны. Савет Міністраў выбраў першы і падтрымаў прапанову Мінсельгаспрама аб павелічэнні закупачных цэнаў на малако. Але наўрад ці 10%-вае падвышэнне істотна адаб’ецца на сітуацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі