Пачаўся Graffiti Open Music Fest

Мінулым вечарам пачаўся Graffiti Open Music Fest.Як прайшло адкрыццё фестывалю, чаго ад яго чакаюць гурты-ўдзельнікі і што думае пра ўвесь гэты музычны рух суддзя першага дню - чытайце і глядзіце ў фота-справаздачы Еўрарадыё!
Вялікага натоўпу меламанаў, на жаль, мы не заўважылі. Здаецца, што клуб Графіці вырашыў адыйсці ад звыклага фестывальнага фармату, таму афіцыйнае адкрыццё і цырымонія прадстаўлення гуртоў, якія выступалі ў першы дзень адбыліся не на пачатку канцэрту, а пасля выступу першага удзельніка Hair Peace Salon.



Правілы галасавання за ўдзельнікаў фестывалю наступныя: кожны, хто набыў квіток на канцэрт атрымоўвае жэтон, які раўняецца 5 балам (кошт 15.000). Гэтымі жэтонамі можна галасаваць за любімую каманду адразу ў бары Графіці. Акрамя слухачоў, на канцэртах працуе суддзя. Кожны суддзя мае голас, роўны 50 балам.



Учора судзіў фестываль Вячаслаў Радыёнаў,блогер “slaver_be”, галоўны рэдактар музычнага парталу www.ultramusic.com:
 “Я праслухаў усе сто тры гурты, якія прыслалі свае дэма на фестываль і, шчыра кажучы, гэта я рабіў праз вялікія намаганні, таму што 80% гуртоў даволі слабыя. Вядома, былі і добрыя гурты, але я не знайшоў для сябе аніводнага новага імя. Гэта мяне вельмі расчаравала. Гэта стала для мяне трагедыяй, бо я вельмі спадзяваўся са 103 гуртоў пачуць хоць адзін новы, які мяне рэальна зачэпіць”.



Вячаслаў прызнаўся, што ўжо вылучыў сваіх фаварытаў:
 “Найвялікшы бал я паставіў двум гуртам. Гэта Акуты з Магілёва і Jenowa з Віцебску. Гэта мае фаварыты”.

Галасаваць за ўдзельнікаў фестывалю можна і без праслухоўвання іх на канцэртах. Пасля 23.00 кожны аўторак на сайце фестывалю пачынаецца галасаванне (адзін голас роўны аднаму балу), якое працягнецца да наступнага панядзелка.

А ў аўторак на сцэну выйдуць наступныя тры гурты. І так будзе да 13 красавіка, пакуль не скончыцца першы тур фестывалю.

Такім чынам, першы дзень фэсту пачаўся з Hair Peace Salon.



Музыкі Hair Peace Salon распавялі Еўрарадыё, што спадзяюцца на месца лідэра:
 “Мы самыя першыя выйшлі на сцэну фестывалю і спадзяемся, што першымі і застанемся”.

Што тычыцца сэнсу ўдзелу ў “Graffiti Open Music Fest”, Hair Peace Salon шчыра кажуць, што не чакаюць вялікай славы ці прызнання, бо ім проста цікава займацца музыкай:
“Нас гэта робіць шчаслівымі. Праўда! Мы нават не ведаем, хто падаў ад нашага імя заяўку на ўдзел у фэсце, але нам так прыемна выходзіць на сцэну! Таму мы вельмі рады, што апынуліся тут. Спадзяемся, што ў нас атрымалася данесці да слухачоў сваё шчырае захапленні музыкай і свае шчаслівыя перажыванні ад выканання. Мы ўжо так стаміліся ад “прастою”, у нас даўно не было канцэртаў і мы проста сумуем без слухачоў. Так што, спадзяемся, мы здольныя крануць людзей і журы фесту”.



Сэт Hair Peace Salon стаў выдатным пачаткам праекту. Густоўная музыка, прыемныя аранжыроўкі, лагодны гук. Публіка крычала ў захапленні “брава!” пасля кожнай песні, а хлопцы з Hair Peace Salon літаральна свяціліся ад шчасця, выконваючы свае лепшыя песні. Менавіта “шлягеры” абралі музыкі для свайго фестывальнага выступу.



Наступным прэзентаваў сваю праграму гурт Silicon, якая складалася з выдатнага сёрфу. Хлопцы раз-пораз нагадвалі слухачам пра 60-я гады і разварушылі Графіці хуткімі тэмпамі.Нам падалося, што ўсе мы раптам апынуліся ў фільмах Квенціна Таранціна! Silicon за surf-ілі нават вядомую усяму свету “Хава нагіла”, чым моцна ўзрадавалі прысутных прыхільнікаў габрэйскіх мелодый.



Сяргей Савасценя (бас-гітарыст гурта Silicon) прызнаўся, што акрамя Hair Peace Salon ён з удзельнікаў фестывалю нікога не ведае і ўвогуле не разумее, што адбываецца на “Graffiti Open Music Fest”:
“Мы існуем менш за год і наша мэта тут не атрымаць галоўны прыз, а проста паіграць. Грошы мы музыкай не зарабляем,таму нам прыемна выступіць недзе. Мы яшчэ не прымали удзел ў фестывалях, але я, прызнацца, мала разумею, што тут такое. Наша справа граць музыку, вось мы і граем ”.



Гурт Бульваръ закрываў першы фестывальны дзень рускамоўнай лірыкай пад акампанемент рамантычнай мяшанкі з рускага року, рытмаў басановы і стандартных рок-блюзавых хадоў.
Міша (вакаліст гурта Бульваръ ) распавёў нам, што выступ на “Graffiti Open Music Fest” стаў для яго неспадзяванкай:
“Мне невядома, як мы трапілі на гэты фестываль. Заяўку падаў нехта з маіх музыкаў і я рады, што апынуўся тут”.





На пытанне, чаго Бульваръ чакае ад фестывалю Міхаіл адказаў, што нічога, акрамя магчымасці чарговы раз выступіць яго не цікавіць:
“Я не лічу, што можна ўспрымаць астатніх выступоўцаў як нейкіх канкурэнтаў. Некаторых з іх я чуў раней, з некім мы разам гралі на адных канцэртах і для мяне яны проста мае калегі, а не канкурэнты. Усім жадаю найлепшага!”

Усяго найлепшага ўсім удзельнікам “Graffiti Open Music Fest” пажадалі і замежныя госці, якія прыйшлі ў Графіці па запрашэнні свайго сябра бубнача. Тыцуя прыехаў з Японіі, а Скай з Ўсходняй Карэі. Хлопцы вучацца ў БДУ і кажуць, што ім вельмі цікава дазнавацца пра беларускую музыку.

Тыцуя: “Мне вельмі падабаецца ваша музыка! Больш за ўсіх мне спадабаліся сёння Hair Peace Salon. Я б і не падумаў, што гэта беларускі гурт, калі б пачуў яго па радыё”.

Скай: “Мне так моцна спадабаўся канцэрт! Я чакаў, што гурты будуць спяваць па-руску, але пачуў англійскую мову і ўсё зразумеў. Hair Peace Salon мяне вельмі ўразілі. Але я не скажу, за каго я прагаласаваў. Няхай гэта застанецца сакрэтам!”

Але для нас не сакрэт, як прагаласавалі наведвальнікі першага дня “Graffiti Open Music Fest” і суддзя Вячаслаў Радыёнаў.

Slaver-be
заўважыў, што Hair Peace Salon сталі лепш граць і гучаць, што Silicon выдаюць супер-серф, і што Бульваръ абраў шырокую музычную прастору і параіў ім больш працаваць.

Увага!

Свае 50 балаў Славер падзяліў паміж гуртамі Hair Peace Salon і Silicon, а слухачы размеркавалі свае галасы наступным чынам:
Hair Peace Salon - 105 балаў.
Silicon– 40 балаў.
Бульваръ– 40 балаў.



Нагадаем вам, што сачыць за праектам і даведацца больш пра канкурсантаў можна на спецыяльнай старонцы: http://open.graffiti.by





















Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі