The Outsiders - Ballad Of The Lost Musician

Альбом атрымаў назву Ballad Of The Lost Musician, што перакладаецца як "Балада згубленага музыкі". Пагадзіцеся, што само слова балада, вобраз згубленага музыкі, а ў дадатак і чорна-белае афармленне вокладкі, адразу рыхтуюць нас да павольных, сур'ёзных, меладычна складаных, багатых на аранжыровачныя "фішачкі" тэмаў. Але ўжо пасля праслухоўвання першай кампазіцыі, яка, дарэчы, і называецца "Балада згубленага музыкі", разумееш, што першапачатковае стаўленне было памылковым.

Дыск атрымаўся вельмі гарачым, яскравым і багатым стылістычна, ён сабраў джаз-рок, фанк, блюз-рок, свінг, не абышлося і без балад, да прыкладу, трэці нумар на дыску - In а Black Coat.

Вельмі ўражваюць аранжыроўкі традыцыйных джазавых кампазіцый Swing Low Sweet Chariot і Sometimes I Feel. Да апошняй, дарэчы, напісана вельмі паспяховае інтра на саксафоне, якое значыцца на дыску, як асобны, пяціхвілінны тэрк, але праслухоўваецца на адным подыху.

У гэтым трэку цалкам раскрытае ўменне Паўла перадаваць любыя эмоцыі праз інструмент. Падаецца, што яго хрыплы саксафон не мае ніякага дачынення да сучаснасці, ён нібы вярнуўся з часоў першых крокаў джаза па Злучаных Штатах.

 Немагчыма не адзначыць асобна песню Yeti. Яна цалкам выпадае з агульнага музычнага шэрагу, але не псуе настрою, не падаецца лішняй, а наадварот дадае дыску пэўную "фішачку". Песня жартаўлівая, дарэчы, тэкстам і музыкай куплета яна вельмі нагадвае творчасць расійскага гурта "Запрещенные барабанщики", але не ў гэтым справа.

Калі праслухоўваеш альбом Ballad Of The Lost Musician праекта The Outsiders, настрой змяняецца кожныя тры хвіліны, і гэта чамусьці прыносіць задавальненне. Магчыма прычынай таму выдатна распрацаваныя аранжыроўкі: кожная нотка, кожны гук знаходзіцца на сваім месцы, і нават немагчыма уявіць, што можна было б дадаць ці прыбраць, каб трэк загучаў лепш. Хаця... Не пашкодзіла б змяніць дызайн вокладкі, у гэтым выглядзе яна нечым замінае.

Трэк-ліст Ballad Of The Lost Musician:

01 - Ballad Of The Lost Musician
02 - I Hope You'll Die
03 - In A Black Coat
04 - Swing Low Sweet Chariot (trad.)
05 - Interlude
06 - Sometimes I Feel... (trad.)
07 - I Promise...
08 - Yeti
09 - Mambo Margarita (dedicated to Margarita Mavrina)

Гук "Перадачы-Аглядачы"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі