Онлайн з вулічнай акцыі пратэсту ў Мінску, 28 верасня + фотарэпартаж

Карэспандэнты Еўрарадыё Кася Золатава, Віталь Малькевіч і Даніла Стрыжак на працягу ўсёй акцыі былі ў эпіцэнтры падзеяў. У фота акцыю фіксаваў Андрэй Лянкевіч, спецыяльна для Еўрарадыё.













22.55. На мінскай станцыі метро "Кастрычніцкая" затрыманыя пяцёра ўдзельнікаў вулічнай акцыі Андрэй Зубараў, Георгі Паўленка, Сяргей Пятроўскі, а таксама Віталь і Ігар. Пра гэта паведамляе нашая карэспандэнтка Кася Золатава.

22.45. Кастрычніцкая плошча беларускай сталіцы апусцела. Перад гэтым Зміцер Дашкевіч заявіў, што "трэба змагацца далей" і цяпер апазіцыя рыхтуецца да наступнай акцыі - Дзядоў.

22.25. Людзей на Кастрычніцкай плошчы становіцца ўсё менш, сыходзяць нават тыя, хто ўсталёўваў намёты. Акцыя практычна закончаная.

22.10. Калона дэманстрантаў дайшла да Кастрычніцкай плошчы і знаходзіцца на прыступках Палаца Рэспублікі. Людзей стала менш. Перад імі выступіў палітык Аляксандр Казулін, паведамляюць нашыя карэспандэнты Віталь Малькевіч і Даніла Стрыжак.

22.00. Калона дэманстрантаў прыблізна з 400 чалавек падыходзіць да Кастрычніцкай плошчы. Міліцыі па-ранейшаму не відаць і апазіцыянеры "гуляюць" па праспекце Незалежнасці безперашкодна.

21.53. Калона дэманстрантаў рухаецца з плошчы Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы. Цяпер яна знаходзіцца каля будынку КДБ. Два намёты, якія моладзь несла з сабой, як сімвал, пакінутыя на пл. Незалежнасці. Над калонай - шматлікія сцягі. Лідэраў АДС сярод дэманстрантаў няма, паведамляе карэспандэнтка Еўрарадыё Кася Золатава..

21.40. Дэманстранты - каля 400 чалавек - пастаялі каля помніка Леніна на плошчы Незалежнасці і збіраюцца ісці назад, на Кастрычніцкую плошчу. Да гэтага прысутных заклікаў Зміцер Дашкевіч. Тым часам некалькі чалавек "акупавалі" помнік Леніна і разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі. Міліцыі не відаць, стаіць толькі адна "самотная" машына ДАІ, паведамляе Даніла Стрыжак, карэспандэнт Еўрарадыё.

21.37. Аляксандр Казулін: "Это не выборы, а просто назначение депутатов парламента одним избирателем. От оппозиции как таковой в депутаты никто не пройдет. Могут пройти только представители оппозиции, которых выберет власть. Лидеры, сильные люди не пройдут. Чтобы показать Западу, что кто-то от оппозиции пройдет, то 3-5 человек отберут в парламент".

Вольга Казуліна: "Самые последние сведения: 615 неиспользованных бюллетеней, хотя принесли стопку в 200-250. Мы проводили опросы людей, которые выходят из голосования. Все голосуют только за меня. Но сейчас подсчитывают бюллетеня, я набираю не только меньше Лукашонок, но меньше Туронок. То есть я была лидером, a сейчас на третьем месте. Мой менеджер позвонил и сказал, что мы набрали 52, 53 голоса - якобы даже меньше тех 1000 подписей, что мы собрали. ... Фальсифицированные бюллетени скорее всего были подкинуты до сегодняшнего дня. Наблюдатели считают уже подложенные бюллетени".

21.35. Апазіцыйныя кандыдаты, якія спадзяваліся на сваю перамогу, прайграюць. Алесь Міхалевіч заявіў у эфіры Еўрарадыё, што займае толькі 2-3 месца і кажа пра фальсіфікацыі падчас датэрміновага галасавання. Вольга Казуліна кажа, што яна займае на выбарах трэцяе месца. "Мне нават не даюць тую тысячу галасоў людзей, якія я сабрала падчас збору подпісаў у сваю падтрымку", - сцвярджае яна.

21.30. Анатоль Лябедзька паведаміў, што большая частка яго давераных асобаў (а сярод іх і намеснік старшыні АГП Аляксандр Дабравольскі) затрыманая і знаходзіцца ў Савецкім РУУС. Яны былі назіральнікамі.

21.25. Дэманстранты дайшлі да плошчы Незалежнасці. Тым часам лідэры апазіцыі затрымаліся на Кастрычніцкай пл., дзе Мілінкевіч і Казулін спрачаліся, куды варта ісці.

21.15. Каля 300-400 дэманстрантаў, якія сышлі з Кастрычніцкай плошчы, дайшлі да будынка КДБ і там затрымаліся. Яны крычаць "Ганьба!" і "Жыве Беларусь!". Апазіцыянеры збіраюцца дайсці да плошчы Незалежнасці і там патрабаваць сумленна падлічыць галасы на выбарах, а таксама выступіць супраць затрыманняў актывістаў.

21.05. Даніла Стрыжак, карэспандэнт Еўрарадыё: - “Моладзь з Кастрычніцкага пляцу некуды рушыла. Ідуць з ліхтарамі, запаленымі агнямі, як заўзятары Італіі падчас чэмпіянату сьвету. Ідуць паўз універсам “Цэнтральны”, паўз “Макдональдс”. Спытаю, куды ідуць.

Даніла Стрыжак: - Людзі, куды ідзяце?

Крык: - На пляц Незалежнасці.

Даніла Стрыжак: - А навошта?

Юнак: - Па нармальныя выбары!

Зміцер Дашкевіч, які, падаецца, разам з Мікітам Красновым вядзе маладзёнаў, кажа, што яны не будуць начаваць на пляцы, яны ідуць патрабаваць вольных выбараў.

21.00. Перадае Даніла Стрыжак: “На пляцы лозунгі “Аляксандр Лукашэнка - апошні дыктатар Еўропы”, “Жыве незалежная Беларусь” і шмат іншых. З’явілася на плошчы Вольга Казуліна. Прыйшоў нейкі тамада, які крычыць: “Мы не дазволім! Мы не дамо! Далоў дыктатуру! Жыве Беларусь!” Гэты тамада - Франак Вячорка, з ім - добрая кампанія”.

Юля Казуліна: - Мы тут будзем, мы падтрымліваем гэтую акцыю. Мы прыйшлі сюды, каб у нас была абарона.  Я супраць байкоту выбараў.

Даніла Стрыжак: - Планаў у людзей на плошчы няма. Яны актыўна дыскутуюць, што рабіць далей. Частка збіраецца даставацца на пляцы. Яны хочуць. Можа быць, паўтарыць гісторыю мястэчка. Я спытаю ў намётаўцаў, што яны будуць рабіць.

Д.Стрыжак: - Ці будзеце вы тут ночыць?

Хлопец з намёта: - Я пагляджу, ці пад’едуць людзі. Ведаю, што едуць з рэгіёнаў, з выбарчых участкаў.

Д.Стрыжак: - А колькі іх едзе.

Хлопец: - Колькі прыедуць, невядома. Ведаю, што едуць з Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай вобласцяў. Сам я таксама не з Мінску. Прыехаў. Быў адзін кантроль аўтобуса, але я яго прайшоў.

Д.Стрыжак: - Поспехаў вам.

“Я таксама застануся на пляцы. Вось тут лягу і буду начаваць”, калі спатрэбіцца”, - кажа хлопец.

20.55. Большасць дэманстрантаў пакінулі Кастрычніцкую плошчу і рушылі ў бок плошчы Незалежнасці. Яны запалілі паходні. На чале калоны Зміцер Дашкевіч і Павел Севярынец.
На плошчы засталіся два намёты і каля 30 чалавек.

20.50. На Кастрычніцкай плошчы пачалася прэс-канферэнцыя. Яе праводзяць сустаршыні Палітрады АДС Сяргей Калякін і Вінцук Вячорка, а таксама кандыдатка ў дэпутаты Валянціна Свяцкая. Тым часам знікла сувязь з лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам, які ўжо мусіў прыехаць на плошчу.

20.45. З'явіліся два намёты. Іх усталявалі былыя палітвязні, сярод якіх Цімафей Дранчук і Артур Фінькевіч. Яны заявілі, што намёты будуць стаяць усю ноч, пакуль не будуць агучаныя вынікі выбараў. былыя палітвязні заклікалі АБСЕ і ЕС не прызнаваць вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў.

20.40. На вачах нашага карэспандэнта Данілы Стрыжака ставяць два намёты. На тое месца адразу ж кінуліся людзі ў цывільным з камерамі, атачылі намёты і старанна здымаюць працэс усталявання. Маладыя людзі крычаць “Байкот!”, іншыя спрачаюцца, што байкот шкодны.

- Я за байкот, бо тое, што адбываецца, не лічу выбарамі, і гэты парламент выбарамі не лічу.
- Адназначна выказацца нельга, за байкот я ці супраць, - кажа малады хрысціянскі дэмакрат. – Трэба, каб патрапілі прадстаўнікі апазіцыі ў парламент. А калі ніводны апазіцыянер не пройдзе, тады трэба байкатаваць выбары. Я лічу, што на тых участках, дзе ёсць моцныя кандыдаты, трэба байкатаваць выбары, а на тых, дзе няма, змагацца за перамогу.

Маўсун Гаджыеў, вядомы расійскі журналіст: - Я ў гэтым выпадку быў за ўдзел апазіцыі на выбарах, удзельнічаючы ў выбарах, апазт\іцыя можа даказаць падтасоўкі ўлады. А не ўдзельнічаючы ў працэсе, даказаць падтасоўкі немагчыма.

Хлопец, які ставіць намёты: - Нам важная падтрымка ЕС, але свабодныя выбары – справа нашая, беларуская. Я – Мікіта Красноў, былы кандыдат у дэпутаты па адной з акругаў Мінску - № 92, а таксама лідэр арганізацыі “Вольная моладзь”. Як кандыдат, я не быў зарэгістраваны.  Я ўсталёўваю гэты намёт са Змітром Дашкевічам, Змітром Каспяровічам і іншымі маладымі людзьмі. Мы тут будзем стаяць супраць гэтых фальшывых выбараў разам з гэтымі намётамі колеру хакі.

20.30. Мікола Статкевіч назваў выбары "фарсам". Лявон Баршчэўскі выказаў спадзяванне, што на плошчу яшчэ прыйдзе больш людзей. Алесь Міхалевіч кажа, што хоча сумленнай перамогі і прыйшоў на плошчу, таму што назіральнікаў на яго ўчастках не дапускаюць да падліку галасоў.

20.20. Каля 300 чалавек сабраліся на Кастрычніцкай плошчы беларускай сталіцы. Людзі ўзнялі некалькі сцягоў - бел-чырвона-белыя, сцягі ЕС, руху "БУНТ", "Моладзі БНФ". З'явіліся нават памаранчовыя сцягі, якія трымае група моладзі.

Сярод палітыкаў прысутнічаюць Аляксандр Казулін, Алесь Міхалевіч, Аляксандр Бухвостаў, Павел Севярынец, Лявон Баршчэўскі, Мікола Статкевіч, Вінцук і Франак Вячоркі. Усе падзеленыя на асобныя групкі і нейкага адзінага цэнтру акцыі пакуль не відаць.

Міліцэйскага ачаплення няма, але на бліжэйшых вуліцах заўважаныя аўтазакі. Таксама на плошчы заўважаныя шматлікія праваахоўнікі ў цывільным.

Фота - Наша ніва

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі