Офіс Ціханоўскай мае намер вырашыць праблему чэргаў у візавых цэнтрах Мінска

Шэнгенская віза / brestcity.com

Офіс Святланы Ціханоўскай мае намер змагацца з пасярэднікамі ў электронных чэргах усіх візавых цэнтраў у Мінску. Пра гэта піша рэсурс "Позірк" са спасылкай на дарадцу дэмакратычнага лідэра па знешнепалітычных справах Франака Вячорку. Рашэнне польскіх візавых цэнтраў пра верыфікацыю кліентаў стала вынікам працы офіса, кажа ён.

"Гэта толькі першы, але важны крок", — заявіў Вячорка. Ён адзначыў, што з-за кампаній-пасярэднікаў, якія злоўжываюць сістэмай браніравання дат, простыя грамадзяне месяцамі не могуць запісацца на падачу візавых дакументаў. Пры гэтым самі пасярэднікі паднялі кошты на свае паслугі ў разы. Вячорка адзначыў, што пакуль праблема цалкам не вырашана. Але офіс мае намер "працаваць над тым, каб усе візавыя цэнтры, якія працуюць у Мінску, прынялі такія меры, каб прадухіліць злоўжыванні".

Напярэдадні стала вядома, што польскія візавыя цэнтры ў Мінску і рэгіёнах з 28 лістапада пачнуць верыфікацыю кліентаў праз Міжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі. Верыфікацыйны код будзе актыўны на працягу гадзіны, пасля 10 спробаў верыфікацыі кліент будзе часова заблякаваны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.