Новым міністрам можа стаць нехта з амбасадараў

Новым міністрам можа стаць нехта з амбасадараў

Нарада па кадравых пытаннях праходзіць у Аляксандра Лукашэнкі 17 жніўня. Як заявіў кіраўнік дзяржавы, гэта працяг размовы ў Оршы. 

Як вядома, пасля паездкі на прадпрыемствы Оршы ён звольніў міністраў прамысловасці і будаўніцтва, а таксама кіраўніка Аршанскага раёна. Шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў атрымалі іншыя спагнанні. 

Лукашэнка паведаміў, што над новымі кадравымі прызначэннямі трое сутак працавала Адміністрацыя прэзідэнта разам з кіраўнікамі парламента і старшынёй Камітэта дзяржкантролю, перадае БелТА

Па словах Лукашэнкі, кандыдытамі на новыя пасады могуць быць нядрэнныя амбасадары, якія атрымалі пэўны досвед работы. "І вельмі нават добрыя кандыдатуры з ліку дыпламатычнага корпуса. Паслухаем меркаванне і міністра замежных спраў у частцы прадстаўленых кандыдатураў з дыпкорпуса", — дадаў ён.

Ёсць меркаванне, што адным з міністраў можа стаць амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды, які апошнім часам актыўна праяўляе сябе. 

На нараду спецыяльна запрошаныя старшыня КДБ Валерый Вакульчык і начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Андрэй Паўлючэнка. Кіраўнік дзяржавы патлумачыў: "Каб потым не было размоў: тыя, не тыя кандыдатуры. Натуральна, што яны кантралююць сваімі ведамствамі антыкарупцыйныую складнік службовых асоб кадравага рэестра прэзідэнта. Калі ў іх ёсць нейкія пытанні па кандыдатурах, якія будуць абмяркоўвацца, яны выкажуць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі